Сёння паразважаем пра найважнейшы закон у жыцці кожнага хрысціяніна: пра любоў. Што для мяне значыць любоў да Бога і бліжняга?
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе? Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
Хрыстос здзейсніў рэвалюцыю ў разуменні фарысеямі Закона. У той час яны спрачаліся, якая з існуючых 613 запаведзяў «важнейшая». Езус кажа: любоў – не адна з запаведзяў, а душа кожнай з іх. Без любові нават выкананне правілаў становіцца пустым (як пазней скажа Павел: «Калі раздам усю маёмасць сваю [...], а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці» (1 Кар 13, 3).
Езус вучыць нас, што Стары Запавет, яго маральны, абрадавы і судовы кодэкс – гэта толькі шлях, які вядзе да любові. Калі любіш, ты аўтаматычна не крадзеш, не забіваеш, не падманваеш. Бо любоў не робіць зла бліжняму. Дык што, увесь ранейшы Закон скасаваны? Не, але ён здзяйсняецца ў поўні праз любоў.
Святы Аўгустын казаў: «Любі і рабі, што хочаш», – бо калі твая любоў сапраўдная, ты не захочаш зла.
Калі мая любоў да Бога – гэта не проста рэлігійны рытуал, а любоў да Асобы, то якім чынам яна рэальна прысутнічае ў маім штодзённым жыцці? Ці, можа, нехта ці нешта займае месца Бога ў маім сэрцы?
Як я стаўлюся да тых, хто мне непрыемны, раздражняе ці злуе мяне? Ці маё «любі, як самога сябе» адносіцца толькі да тых, каго я лічу «вартым»?
Божа праўдзівай любові, навучы мяне любіць Цябе ўсім сэрцам, душой і розумам – не толькі ў касцёле, а штодня і паўсюль. Адкрый мне вочы, каб мог бачыць Твой вобраз у кожным чалавеку. Няхай любоў да бліжняга будзе такой жа натуральнай, як любоў да Цябе. Хай жа гэтыя запаведзі стануць цэнтрам майго жыцця.
Кс. Павел Скуба