Бог не чакае «правільнага» моманту, каб дапамагчы. Яго міласэрнасць заўсёды своечасовая. А нашая рэлігійнасць не павінна быць глухой да пакут бліжняга.
Езус навучаў у суботу ў адной з сінагог. І вось была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала славіць Бога. Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у суботу, сказаў народу: Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату. Тады Пан сказаў яму ў адказ: Крывадушнік, ці не адвязвае кожны з вас у суботу вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць? А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату? Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.
Божая міласэрнасць не падпарадкоўваецца чалавечым рэгламентам, яна вышэйшая за любыя правілы. Калі на карту пастаўлена годнасць і жыццё чалавека, дабро не можа быць несвоечасовым. Калі ты робіш дабро, то заўсёды ў слушны час, нават калі «правілы» кажуць інакш. Любоў Хрыста парушае гэтыя правілы дзеля жыцця бліжняга, і гэта найвялікшы закон.
Што такое любоў ў разуменні Хрыста?
Любоў – гэта ўбачыць боль бліжняга, нават калі ўсе прывыклі гэтага не заўважаць. Любоў – гэта вярнуць чалавеку годнасць і сілу, а не трымаць яго ў пазіцыі ахвяры. Любоў – гэта дзейнічаць сёння, прама цяпер, не чакаючы «зручнага» моманту.
Ці не хаваюся я за справядлівымі правіламі (кшталту парадку ў касцёле, традыцый, уласнай занятасці), каб не заўважаць чужы боль і не браць на сябе клопат пра бліжняга цяпер, а не калісьці «пазней»?
Як я рэагую, калі Бог дзейнічае не па маім сцэнарыі? Калі бачу, што Бог дапамагае людзям не так, як я лічу правільным (напрыклад, праз іншую канфесію, нейкім дзіўным чынам, без майго ўдзелу), я цешуся ці абураюся?
Пане, навучы мяне любіць учынкамі, а не словамі. Адкрый мне вочы, каб мог заўважаць тых, каго не бачаць іншыя, і дай смеласць дапамагаць, не чакаючы зручнага моманту. Вызвалі мяне ад нездаровай занятасці і правілаў, якія робяць мяне глухім да бліжняга. Прагну, каб мая вера была не сцяной, а адчыненымі дзвярыма для Цябе.
Кс. Павел Скуба