Сённяшні ўрывак Евангелля – гэта адказ Езуса на чалавечае неразуменне. Тагачасныя людзі чакалі, што Валадарства Божае прыйдзе з моцаю і палітычным пераваротам, як новае царства.
Езус сказаў: Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у садзе сваім. І вырасла яно, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галлі ягоным. І зноў сказаў: З чым параўнаю Валадарства Божае? Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж ўсё скісла.
Валадарства Божае прыходзіць не відовішчна, а праз нешта маленькае, нязначнае і нават схаванае, але надзеленае Божай сілай, якая неўпрыкмет, але непазбежна расце і ператварае ўсё навокал. Езус супрацьпастаўляе гэта чалавечай логіцы: мы чакаем моцы, а Ён дае насенне, чакаем раптоўнага цуду, а Ён прапануе закваску, якая дзейнічае павольна, але грунтоўна.
Галоўны ўрок для кожнага з нас – не ацэньваць Божыя справы па пачатках і не грэбаваць дробнымі крокамі веры, дабрыні ці праўды ў сваім жыцці, бо менавіта праз такія незаўважныя рэчы Бог будуе сваё Валадарства.
У якой сферы мне найцяжэй даверыцца Божай логіцы малога пачатку: у працы, у адносінах ці ў духоўным пошуку? Што менавіта ў маім жыцці можа быць тым самым гарчычным зернем, якое я ўжо пасадзіў, але яшчэ не бачу росту?
Калі закваска патрабуе часу і нябачнай працы, каб змяніць усё цеста, то што мне перашкаджае быць гэтай закваскай прама цяпер – нецярплівасць, страх, што мяне не заўважаюць, або проста стомленасць ад чакання выніку?
Пане, я прыходжу з малой верай, бы тое гарчычнае зерне. Я не бачу яшчэ дрэва, але веру, што Ты расцеш у маім «сёння». Дай мне цярпенне не грэбаваць малым і не шукаць вялікага. Навучы мяне быць закваскай там, дзе я ёсць, змяняць не словамі, а жыццём, нават калі гэта незаўважна. Калі я стамлюся чакаць, нагадай: Ты дзейнічаеш не маёй паспешлівасцю, а сваёй вернасцю.
Кс. Павел Скуба