Любое важнае рашэнне ў маім жыцці, асабліва звязанае з іншымі людзьмі, павінна нарадзіцца не ў спешцы ці пад уплывам абставінаў, а ў цішыні перад Богам.
Езус узышоў на гару памаліцца і правёў ноч у малітве да Бога. Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам. Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона. Яны прыходзілі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што ад Яго сыходзіла сіла і вылечвала ўсіх.
Перад тым як выбраць Дванаццаць, Езус праводзіць ноч у малітве і гэтым паказвае нам, што самае вялікае служэнне пачынаецца не з актыўнасці, а з пакоры і слухання Айца. Сам Бог кліча не дасканалых, а звычайных, слабых і нават унутрана супярэчлівых людзей, як мытнік Мацвей і рэвалюцыянер Сымон Зілот, якія пры жыцці ніколі б не пасябравалі, але ў Хрысце, дзякуючы Яго ласцы, яны становяцца братамі.
Сярод абраных аказваецца і Юда Іскарыёт, які потым здрадзіць Езусу. Гэта сведчыць пра тое, што пакліканне не з'яўляецца абаронай ад падзення. Кожны чалавек, прыняты Богам, захоўвае асабістую свабоду і нясе адказнасць за свой выбар, таму не можа пагарджаць іншым або лічыць сябе на 100% ўратаваным.
Ці імкнуся я, як тыя людзі з натоўпу, штодня дакранацца да Езуса праз малітву і ўдзячнасць, чакаючы ад Яго ацалення і абнаўлення? Ці не здараецца так, што я, забыўшыся пра Крыніцу дабра, спрабую сваімі сіламі быць добрым для іншых, а потым хутка выгараю і перастаю верыць, што наогул здольны камусьці дапамагчы без Божай падтрымкі?
Ці дастаткова часу я праводжу ў малітве і роздуме, перш чым дапускаць людзей да свайго сэрца, або, можа, наадварот, часта спяшаюся збліжацца з тымі, хто мне падабаецца, а пасля пакутую ад расчараванняў і разрываў, бо не папрасіў у Бога мудрасці паглядзець на іх вачыма Хрыста?
Божа, Езус правёў усю ноч у малітве перад важным выбарам. Навучы і мяне не спяшацца ў важных рашэннях і давяраць Табе выбар людзей, што побач са мной. Дай мудрасць не судзіць іншых па мінулым. Навучы бачыць у іх Твой вобраз і падабенства. Сёння хачу дакрануцца да Цябе, бо толькі Ты лечыш. Учыні, каб, атрымаўшы ад Цябе аздараўленне, я не застаўся на гары адзін, а сышоў на раўніну да бліжніх.
Кс. Павел Скуба