Евангелле сённяшняга дня заклікае нас не шукаць віны іншых людзей у іх няшчасцях, а дазволіць Богу адкрыць нашыя балючыя месцы і вылечыць іх.
У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус сказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце. І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю? Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.
Езус не заахвочвае нас разважаць: «Чаму Бог пакараў іх?» Ён пытаецца: «Які плён прыносіць тваё жыццё?» Усім нам Бог дае сваю ласку і час. Таму сёння – дзень не для асуджэння іншых, а для навяртання: прызнаць свой грэх, папрасіць прабачэння і зрабіць канкрэтны крок да дабра. Бог цярплівы, але Яго цярплівасць дадзена не для таго, каб мы заставаліся бясплоднымі.
Езус не пагражае, што калі мы не пакаемся, нас чакае дакладна такая ж трагедыя. Ён толькі паказвае, што калі чалавек упарта застаецца ў граху і адмаўляецца ад навяртання, ён ідзе да духоўнай пагібелі. Грэх – большая небяспека, чым фізічнае няшчасце, бо ён аддаляе чалавека ад Бога.
Ці не асуджаю я іншых у іх няшчасці, замест таго каб звяртаць увагу на ўласнае навяртанне?
Які плён веры, любові і добрых учынкаў Бог бачыць у маім жыцці?
Пане Езу, дай мне ласку шчырага пакаяння, каб маё жыццё не заставалася бясплодным. Абкапай і ўмацуй маё сэрца сваёй ласкай, каб я прыносіў плён веры, любові і міласэрнасці.
Кс. Павел Скуба