Сёння Хрыстус заклікае нас да актыўнага прымірэння прама зараз, у гэты самы момант. Не чакаць заўтра, каб папрасіць прабачэння, аддаць доўг, памірыцца з роднымі ці спыніць грэх. Чаму?
Езус сказаў народу: Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце «дождж будзе», і так адбываецца. А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце «спякота будзе», і так адбываецца. Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце? Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае? Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорца не ўкінуў цябе ў вязніцу. Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга гроша.
Калі жыццё скончыцца, мы станем перад Суддзёю з тым, што можна было вырашыць адным словам «даруй», адным крокам у бок змены свайго жыцця. Выраз «не выйдзеш, пакуль не аддасі апошняга гроша» падкрэслівае строгасць Божай справядлівасці: плаціць давядзецца па поўнай, але ў вязніцы (чыстцы) гэта будзе рабіць ужо позна і дорага. Выратаванне ў тым, каб прыйсці на суд ужо свабодным ад нянавісці і граху.
Да сучаснага хрысціяніна гэтае Евангелле прамаўляе: не шукай цудаў у свеце, калі тваё сэрца знаходзіцца ў стане вайны з іншымі. Самы вялікі цуд – гэта спакой, усталяваны паміж людзьмі, бо менавіта так дзейнічае ў нас Божая ласка.
Чаму мы так лёгка распазнаём знешнія з'явы, але свядома ігнаруем тое, што адбываецца ў нашых душах і адносінах? Мы нібыта вельмі разумныя ў дробязях, але часта не надта цямім у галоўным: у распазнанні свайго ўласнага стану перад Богам.
Чаму мы адкладваем прымірэнне і пакаянне «на потым», калі дарога жыцця скончваецца вельмі хутка, а расплата будзе поўнай? Калі мы ведаем, што павінны будзем адказаць за кожны дрэнны ўчынак, чаму не спяшаемся пазбавіцца ад свайго «праціўніка» (граху ці крыўды) цяпер, пакуль яшчэ ёсць час?
Пане, Ты бачыш: я ўмею «чытаць» надвор'е, але не «чытаю» ўласнага сэрца. Асвятлі мой розум, каб я распазнаў час Твайго прыходу ў маё «сёння». Дай мужнасць папрасіць прабачэння цяпер, пакуль суд яшчэ не зачыніў дзверы. Бо я ведаю: Ты міласэрны, але справядлівы. Не дай мне адкладваць пакаянне на заўтра, якога можа не быць. Навучы мяне змяняць сваё сэрца ўжо сёння.
Кс. Павел Скуба