Сёння Езус перадае нам сутнасць хрысціянства: гэта не «салодкая рэлігія», якая ўсім падабаецца, а выклік, які патрабуе рашучага выбару.
Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свякрові сваёй.
Калі Езус увойдзе ў маё жыццё, то спачатку раздзеліць, каб пасля з’яднаць па-сапраўднаму. Падзел у сем’ях – гэта знешні сімптом унутранага суду. Але ж прынесены Хрыстом «агонь» з’яўляецца Божай любоўю. Калі чалавек адмаўлецца ад Хрыста, ён адзяляе сябе ад Крыніцы жыцця. Езус на крыжы спазнаў самы страшны падзел – калі адчуў, што Яго пакінуў Айцец, – каб мы ніколі не былі разлучаныя з Богам.
Гэтае Евангелле разбурае ілюзію, што вера робіць жыццё ціхім і бяспечным. Хрысціянства – гэта шлях праўды: Езус не заклікае нас разрываць сямейныя сувязі, але папярэджвае пра кошт быцця Яго вучнем. Ніхто не можа быць для мне бліжэйшым за Бога. І гэты выбар можа рабіць балюча.
Ці ёсць у маім жыцці «агонь» веры, які мяне «турбуе» і не дае супакоіцца ў штодзённых справах?
Ці не баюся я канфліктаў, выкліканых верай, або наадварот, спрабую згладзіць вуглы, каб усе былі задаволеныя?
Як я ўвогуле стаўлюся да таго, што мае перакананні могуць стаць «раздзяленнем» для тых, хто побач?
Пане Езу, распалі ўва мне свой агонь, нават калі ён будзе раздзяляць, бо лепей быць падзеленым праз Цябе, чым застацца з іншымі, але не мець Цябе побач. Дапамажы мне вытрываць у гэтым выбары да самага канца.
Кс. Павел Скуба