Словы сённяшняга Евангелля гучаць як перасцярога і абяцанне. Заўжды актуальным будзе напамін, што чаканне Хрыста – гэта актыўнае выкананне штодзённых абавязкаў.
Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы. Тады сказаў Пётр: Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам, ці ўсім людзям? Пан жа сказаў: Хто ж ёсць верным і разумным эканомам, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар, калі прыйдзе, знойдзе, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй маёмасцю сваёй. Калі ж слуга гэты ў сэрцы сваім скажа: “не хутка прыйдзе гаспадар мой”, – і пачне біць слугаў і служанак, есці, і піць, і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў той дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І жорстка пакарае яго, і спаткае яго лёс няверных. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. А той, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат з яго; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
Пытанне Пятра паказвае, што вучні хочуць зразумець: тое, што кажа Езус, – гэта наказ, адрасаваны канкрэтна ім, ці ўніверсальны закон? У адказ жа гучыць: чым больш чалавеку дадзена, тым больш з яго будзе спытана. Гэтая прыпавесць – не пра страх пакарання, а пра годнасць быць даверанай асобай Гаспадара, які вяртаецца, каб праверыць, як я распараджаюся давераным мне дабром.
Дары, дадзеныя нам Богам, варта выкарыстоўваць не для ўціску ці шкоды іншым, а наадварот, інвеставаць у любоў і справядлівасць тут і цяпер і памятаць, што кожны дар – гэта не мая ўласнасць, а сродак для выканання паслугі. А каб зразумець, дзе магу ім паслужыць, трэба проста паглядзець навокал.
Святы Лаўрэнцій, дыякан з III стагоддзя, увайшоў у гісторыю дзякуючы гатоўнасці адказаць на выклік у самы нечаканы момант: калі рымскі ўладар запатрабаваў аддаць скарбы Касцёла, Лаўрэнцій папрасіў час, каб сабраць іх. Ён скарыстаўся ім не для таго, каб выратаваць маёмасць, а каб раздаць бедным.
Што з таго, чым зараз валодаю (час, грошы, таленты, пасада, вера і інш.), я лічу сваім «уласным», а не давераным, дадзеным у карыстанне? Калі б сёння ўвечары Гаспадар запатрабаваў справаздачу за адзін з гэтых рэсурсаў, за які мне было б найбольш сорамна і чаму?
Калі б я пачуў, што Гаспадар прыйдзе роўна праз 24 гадзіны, што з адкладзеных спраў зрабіў бы, а ад чаго адмовіўся б?
Божа, навучы мяне бачыць Тваю волю ў кожнай хвіліне, каб я не прапусціў таго, каму сёння патрэбны мой час, слова ці дапамога. Зрабі маё сэрца чуйным, а рукі – шчодрымі. Хачу чакаць Цябе не са страхам, а з гатоўнасцю, бо Ты ўжо даў мне так шмат усяго, і я Табе за гэта бязмежна ўдзячны.
Кс. Павел Скуба