Жыццё хрысціяніна – гэта час чакання сустрэчы з Панам. І гэтае чаканне не павінна быць пасіўным: я мушу рыхтавацца да прыйсця Таго, хто мае для мяне выключную важнасць.
Езус сказаў сваім вучням: Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя, а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца, і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую варту і ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх так, то шчаслівыя яны.
Часам чалавеку хочацца проста плысці па плыні жыцця, без турбот і клопатаў. Але той, хто верыць, не можа пагадзіцца на такі падыход: трэба быць чуйным і памятаць, што Бог блізка. Сапраўды, гэта не так проста і патрабуе высілкаў – «быць падперазаным і з запаленымі светачам», каб у любы момант выйсці насустрач і знайсці дарогу ў святле веры.
Светач веры асвятляе шлях не толькі самому чалавеку, яго носьбіту, а яшчэ тым, хто ідзе побач, але ў цемры не можа знайсці вузкую сцежку, ці тым, чые светачы ўжо згаслі. Магчыма, дзякуючы святлу нашай веры дасягнуць збаўлення зможа не адзін чалавек.
Ці я як хрысціянін чакаю сустрэчы з Панам? Ці памятаю, што Ён можа прыходзіць да мяне ў розных постацях: і ў малітве, і ў касцёле, і ў просьбе бліжняга аб дапамозе, і ва ўсмешцы дзіцяці?..
Ці разумею я, што ў моманты спаткання з Богам, з Езусам Хрыстом у Святым Духу Ён сам служыць мне, а не я Яму? Бо гэта Ён мяне аднаўляе, насычае, суцяшае, навучае і вядзе…
Пане, вось я, чуваю тут з запаленым светачам. Падперажы маё сэрца, каб заўжды было гатовым. Дай мне дачакацца Твайго прыйсця і быць побач з Табой за сталом эўхарыстычнай гасціны.
Кс. Павел Скуба