Сёння Езус заклікае нас паразважаць пра крывадушнасць. Што ўзнікае ва ўяўленні, калі чую гэтае слова? Ці адгукаецца на яго маё сумленне?
Калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Езус пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. Няма нічога схаванага, што б не выявілася, і патаемнага, пра што б не даведаліся. Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў. Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто пасля забойства мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся. Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. А ў вас і валасы ўсе на галаве палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за многіх вераб’ёў.
«Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай». Значэнне слова «крывадушнасць» зразумелае з яго этымалогіі: крывіць душой. Калі знешняя пабожнасць не адпавядае ўнутраным стасункам з Богам. «Закваска» – гэта тое, што можа сутнасна змяняць цэлае. Сапраўды, нас можа ўразіць акцёрская ігра ў пабожнасць, але Бог заўсёды глядзіць у глыбіню нашага сэрца.
Езус Хрыстус прыйшоў, каб перамагчы чалавечую слабасць. Але калі чалавек уваходзіць у «ролю» пабожнага, то не прызнаецца ў сваіх слабасцях, а наадварот. Ён жыве роляй знешне дасканалага хрысціяніна, а ўнутранае жыццё можа нават не перасякацца з Богам.
Святы Тэафілакт у каментарыях да гэтага ўрыўка кажа, што менавіта крывадушнасць змяняе характар чалавека, бо разбэшчвае намеры ягонага сэрца.
Ці ёсць у маім жыцці нейкія моманты няшчырасці перад Богам, перад людзьмі, перад самім сабою?
Ці хачу я крочыць шляхам праўды і выкараняць крывадушнасць са свайго сэрца?
Божа, дапамажы мне жыць у шчырасці і захавай ад крывадушнасці. Прагну заўжды мець чыстае сэрца перад Табою і перад людзьмі.
Кс. Павел Скуба