Што азначае «вызнаваць Хрыста»? Можна падумаць, што гэта адкрыта вызнаваць Яго вуснамі, але не толькі. Давайце ўвойдзем углыб гэтых слоў Езуса.
Езус сказаў сваім вучням: Кожны, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад анёламі Божымі. Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана. Калі вас прывядуць у сінагогі, і да кіраўнікоў, і да ўлады, не турбуйцеся, як або што адказваць, ці што гаварыць, бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.
Вызнаванне вуснамі Езуса – гэта важна, але і мае паводзіны, мае адносіны з бліжнімі, маё жыццё – гэта таксама вызнанне веры. Праблема сучасных хрысціян у тым, што мы сталі добрымі тэарэтыкамі веры, але да практыкі часта вельмі далёка. Тэорыя без учынкаў мёртвая. Маё жыццё – гэта думкі, словы, дзеянні, і праз усё гэта я павінен вызнаваць Хрыста. Ён павінен ахопліваць паўнату майго жыцця.
Святы Ігнацый з Антыёхіі быў за тое, каб часам маўчаць і быць хрысціянінам, чым гаварыць і не быць. І сапраўды, лепей быць хрысціянінам у сваіх паводзінах, чым быць ім толькі ў словах без жыцця.
Як я вызнаю Хрыста? Ці маё веравызнанне абмяжоўваецца толькі словамі, ці я стараюся жыць тым, у што веру?
Ці магу я сказаць, што вызнаю Хрыста ўсім сваім жыццём? Калі не, то дзе мне трэба прыкласці больш намаганняў?
Езу, Ты бачыш, што я хачу, каб Ты быў валадаром майго жыцця, але як бы я ні стараўся, усё роўна бачу сваю недасканаласць, свае страхі і няўпэўненасць. Але Дух Святы, Дух моцы і праўды, дапаможа мне быць верным Табе і вызнаваць Цябе жыццём сваім.
Кс. Павел Скуба