Сённяшняе Евангелле паказвае нам, як людзі могуць заблытацца, што Божае, а што зямное. Гэта яшчэ раз натхняе кожнага з нас задумацца, ці ў маім жыцці не адбылося гэтага змяшэння Боскага і зямнога.
Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах. I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не? Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.
Езуса спрабуюць падлавіць на слове фарысеі, ірадыяне – паставіць Яго ў тупік. Яны загадзя ставяць Хрыста ў нязручнае становішча, бо калі б Езус адказаў, што трэба плаціць падатак, то Яго б абвінавацілі ў здрадзе веры айцоў, а калі б адказаў, што не трэба, – ірадыяне данеслі б, што Ён бунтаўнік і нязгодны з пануючай уладай. Але Езус паказаў, што Божае, духоўнае мае свае законы, а зямное – свае.
Вельмі часта і мы спрабуем супрацьставіць зямное і духоўнае, але нам трэба зразумець, што мы як людзі знаходзімся на памежжы духоўнага і зямнога, Божага і чалавечага, вечнага і часовага. І чалавеку не трэба змагацца з той ці іншай рэальнасцю, а наадварот – жыць і захоўваць сваю сутнасць.
Гісторыя Касцёла паказала нам шмат прыкладаў: калі Божае і чалавечае супрацоўнічалі, то паўставала гармонія і лад, калі ж зямное спрабавала знішчыць Божае, то Божае не «саступала» і ўзнікаў супраціў злу, гвалту, несправядлівасці.
Ці я ў сваім жыцці адрозніваю Божае і зямное? Ці ўсведамляю, штó я павінен «аддаваць» Богу, а штó – гэтаму свету?
Ці нішто зямное не засланяе мае абавязкі духоўныя? Напрыклад, праца, хобі, шкодныя звычкі, грахі і слабасці... Ці гатовы я аддаваць Богу ўсё, што належыць Яму?
Божа, дапамажы нам быць мудрымі і бачыць зямное і Божае. Жыць у гэтым свеце целам, але душой імкнуцца ўвысь... да Айца Нябеснага.
Кс. Павел Скуба