Словы Хрыста з'яўляюцца духоўным люстэркам, дзе кожны можа ўбачыць небяспеку павярхоўнай веры без пакаяння і навяртання.
Сказаў Пан: Гора вам, таму што будуеце грабніцы прарокам, а бацькі вашыя пазабівалі іх. Гэтым вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых і згаджаецеся з гэтым: яны пазабівалі іх, а вы будуеце. Таму і Мудрасць Божая сказала: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і некаторых заб’юць і будуць пераследаваць. Няхай спагнаная будзе з пакалення гэтага ўся кроў прарокаў, пралітая ад стварэння свету, ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж алтаром і святыняй. Сапраўды кажу вам: спагнаная будзе з гэтага пакалення. Гора вам, кніжнікам, таму што забралі ключ пазнання. Самі не ўвайшлі і перашкодзілі тым, хто ўваходзіў. Пасля гэтых слоў кніжнікі і фарысеі пачалі моцна нападаць на Яго і дапытвацца ў Яго шмат пра што. І хацелі пачуць што-небудзь з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.
Сёння Евангелле выкрывае рэлігійную крывадушнасць, схаваную пад знешняй пабожнасцю. Езус звяртаецца да рэлігійнай эліты свайго часу і паказвае, што будаўніцтва раскошных грабніц для забітых прарокаў – гэта толькі знешні акт пашаны і пакаяння.
Па сутнасці, фарысеі і кніжнікі не адмяжоўваюцца ад забойцаў, а пацвярджаюць духоўную блізкасць з імі. Яны гатовыя шанаваць прарокаў па смерці, бо цяпер тыя не такія нязручныя і небяспечныя, але сэрцы застаюцца закрытымі для жывога голасу Бога.
Айцы Касцёла пісалі, што кульмінацыяй супраціву таго пакалення з’яўляецца забойства самога Хрыста. Рэлігійныя лідары, замест таго каб весці людзей да Бога, не ўваходзяць у стасункі з Ім самі і замінаюць іншым, ператвараючы жывую веру ў мёртвую сістэму кантролю.
Праблемай сучаснага пакалення з'яўляецца блытаніна знешняй рэлігійнасці з глыбокім унутраным пакаяннем. Чалавек можа ахвяраваць на храм, займацца дабрачыннасцю, але працягваць жыць у граху. Таму варта шчыра спытаць сябе: ці не з’яўляецца мая пабожнасць толькі знешнім прыкрыццём нявырашаных духоўных праблем?
Чарговае пытанне вынікае з вобразу кніжнікаў, якія забралі ключ пазнання. Ключ павінен адчыняць дзверы, але яго выкарыстоўваюць як засаўку. Ці дапамагае мая вера (мае веды пра Бога, маё становішча ў супольнасці) іншым людзям набліжацца да Бога, ці не ствараю я перашкоды для іншых?
Трагедыя кніжнікаў была ў тым, што яны ведалі Пісанне на памяць, але не пазналі Жывое Слова, якое стаяла перад імі. Таму Евангельскае пасланне – гэта папярэджанне для ўсіх хрысціян: вера патрабуе не прыгожых знешніх форм, а штодзённага навяртання.
Божа, не дай знешнім праявам рэлігійнасці заглушыць голас майго сумлення. Дапамажы мне пастаянна імкнуцца да ўзрастання ў веры і любові.
кс. Юрый Жэгарын