Часам у Евангеллі можам пачуць жорсткія папрокі, скіраваныя Езусам у бок кніжнікаў, фарысеяў і эліты Ізраэля. Як гэтыя словы могуць датычыць мяне?
Сказаў Пан: Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую. І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках. Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага. У адказ адзін з кніжнікаў сказаў Яму: Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас. А Ён сказаў: І вам, кніжнікам, гора, бо накладаеце на людзей цяжары нязносныя, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў.
Езус паказвае тры асноўныя праблемы рэлігійнасці. Па-першае, гэта падмена сутнасці фармалізмам: фарысеі скрупулёзна выконваюць дробныя прадпісанні Закона, але пры гэтым ігнаруюць галоўнае – справядлівасць і любоў. Езус не адмаўляе неабходнасці выканання правіл, але дробязі не могуць перакрыць галоўнае. Па-другое, гэта пыха і славалюбства: іх рэлігійнасць скіравана не на Бога, а на людзей.
Па-трэцяе, гэта скідванне цяжару на іншых: праз рытульнае параўнанне з нябачнымі магіламі Езус вобразна кажа, што фарысеі духоўна забруджваюць людзей фальшывай святасцю. А кніжнікаў Збаўца дакарае за абцяжарванне людзей нязноснымі загадамі, якімі самі яны не пераймаюцца.
У энцыкліцы «Spe Salvi» папа Бэнэдыкт XVI нагадвае, што словы Езуса «Гора вам» маюць на мэце не асуджэнне чалавека, а прывядзенне яго да пакаяння. Гэта не прысуд, а лячэбны крок, які мусіць абудзіць сумленне. Фарысеі ж, на яго думку, не прынялі гэтага пакаяння, бо іх «эга» было занадта вялікае.
Евангелле скіроўвае нашую ўвагу на самааналіз. Мы можам спавядацца, пасціць, хадзіць у касцёл, чытаць малітвы, але пры гэтым асуджаць, узвышацца, ненавідзець ці зайздросціць. Таму варта спытаць сябе: у сваёй веры я шукаю Бога ці проста адчуванне ўласнай «правільнасці» і камфорту?
Кніжнікі патрабавалі ад людзей ідэальнага выканання Закона, але не дапамагалі ім. У сучасным кантэксце гэта можа выяўляцца, напрыклад, у тым, што кіраўнік патрабуе жорсткага выканання правіл, незалежна ад умоў і абставін. Таму задумаюся: ці разумею я людскія недахопы і слабасці, ці стараюся насамрэч дапамагаць іншым?
Сённяшні Божы пасыл заклікае нас спыніць гульню ў святасць і пачаць жыць верай рэальна. Несці дапамогу, а не асуджэнне; стаць крыніцай любові, а не цяжару; праз рэлігійнасць рабіцца больш чалавечнымі, а не жорсткімі і пыхлівымі. Традыцыя Касцёла сцвярджае, што сапраўдная вера пазнаецца не ў прыгажосці абрадаў, а ў шчырай любові да Бога і бліжняга.
кс. Юрый Жэгарын