Мы часта чакаем ад Бога суровых юрыдычных абвінавачванняў – суду за грахі і ерасі. Аднак Настаўнік глядзіць глыбей і выкарыстоўвае слова, якое здзіўляе і закранае наша самалюбства: «неразумныя».
Калі Езус гаварыў, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. Ён прыйшоў і ўзлёг за сталом. Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам.
Але Пан сказаў яму: Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубкі і місы, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю. Неразумныя, ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры? Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае.
Гэтым папрокам Пан Езус звяртае нашую ўвагу на корань праблемы. Мы часта загразаем у фармалізме і бачым толькі знешняе – матэрыяльнае і бачнае. Але Творца стварыў як знешні свет, так і нашае нутро, таму і сапраўдная міласціна – гэта не проста чын на паказ, а стан чалавечага духу.
Як трапна адзначыў філосаф Блез Паскаль: «Будзем жа імкнуцца добра мысліць – вось галоўны прынцып маралі». Навука Касцёла заўсёды нагадвае, што Бог чакае ад нас цэласнасці. Мы закліканы злучыць розум і веру, каб нашая міласціна была выяўленнем шчырай любові Хрыстовай, а не проста фармальнасцю.
Ці не лаўлю я сябе на тым, што мая рэлігійнасць застаецца толькі на паверхні – у прыгожых знешніх учынках і выкананні абавязкаў? Што насамрэч кіруе маім сэрцам, калі я раблю дабро іншым: жаданне выглядаць годным у вачах людзей ці шчыры клопат пра бліжняга перад Богам?
Ці гатовы я сёння ахвяраваць іншаму чалавеку нешта большае за грошы – міласціну свайго духу? Ці магу я падзяліцца з тымі, хто побач, сваім часам і падарыць ім шчырую малітву, глыбокую ўвагу, суцяшэнне, а таксама сапраўднае хрысціянскае суперажыванне?
Адгукнемся ж на гэтую лагодную, але моцную Хрыстову перасцярогу. Будзем вучыцца быць чалавечнымі ў сваёй веры, увесь час кіраваць сваю душу да дабра і не спыняцца на знешняй форме.
кс. Юрый Жэгарын