Існуе частая спакуса вырашаць сур'ёзныя праблемы лёгкімі спосабамі. І вось сёння Хрыстос паказвае нам небяспеку такога падыходу.
Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.
Езус звяртаецца да натоўпу, які патрабуе ад Яго відавочных цудаў і знакаў, каб паверыць. Бяда, аднак, у тым, што патрабаванне знакаў – гэта праява духоўнай слепаты і скамянелага сэрца. Езус называе гэтае пакаленне «нягодным», бо яно, маючы перад сабою самога Бога, не здольнае распазнаць Яго прыход.
Езус спасылаецца на два старазапаветныя прыклады: прарока Ёну ў Ніневіі і каралеву Саўскую. Язычнікі Ніневіцяне паказалі значна большую адкрытасць Богу, чым суайчыннікі Езуса. Ёна прапаведаваў у Нініве без цудаў – і ўсе пакаяліся, а тут сам Сын Божы – і Яго не прымаюць.
Св. Бэрнард з Клерво казаў, што мудрасць Саламона і прароцтва Ёны былі толькі ценем таго, што прыйшло ў Хрысце. Таму той, хто шукае знаку, няхай глядзіць на Крыж і пустую грабніцу – гэта знак, большы за ўсе цуды.
Натура чалавека схільная ва ўласным духоўным пошуку бачыць Божыя знакі і пацверджанні, аднак часта мы забываем пра самае важнае. Таму кожнаму неабходна сумленна адказаць на пытанне: ці не шукаю я ў сваім духоўным жыцці толькі знакаў і пацверджанняў, замест таго каб давяраць Божаму слову і жыць паводле яго?
Ці магу я сказаць, што маё сэрца адкрытае да пакаяння, як у жыхароў Нінівы, ці я, падобна да суайчыннікаў Езуса, застаюся абыякавым і патрабую ад Бога дадаць нешта большае да таго, што ўжо дадзена?
На прыкладзе язычнікаў, якія прынялі Божую праўду, Хрыстос паказвае, што адказнасць тых, хто чуе Яго слова, значна большая. Госпад заклікае не адкладваць навяртанне і не глядзець на Бога выключна, як на цудатворцу, але прыняць Хрыста як знак Божай любові. Сапраўдны знак, які дае Бог, — сам Хрыстос, Яго смерць і ўваскрасенне, і той, хто гэтага не бачыць, рызыкуе быць асуджаным нават язычнікамі.
кс. Юрый Жэгарын