Прыпавесць пра вясельны баль караля адлюстроўвае найперш гісторыю збаўлення і адносіны Бога са сваім народам. Бог Айцец ладзіць эсхаталагічны банкет у гонар свайго Сына.
Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
Езус сёння паказвае нам драму Божай любові і людской адказнасці: Бог кліча ўсіх да збаўлення, але збаўленне патрабуе ад мяне не проста фармальнай прысутнасці, а ўнутранай перамены і станоўчага адказу на Божую ласку. Словы «шмат пакліканых, але мала выбраных» – гэта папярэджанне пра тое, што выбранне залежыць не ад людскіх заслугаў ці паходжання, а ад жывой веры, якая дзейнічае праз любоў.
Адкінуўшы «запрошаных», кароль пашырае запрашэнне на ўсіх – як на «кепскіх», так і на «добрых», што сімвалізуе ўваходжанне ў супольнасць Касцёла язычнікаў і грэшнікаў. Аднак прыпавесць мае жорсткі фінал: недастаткова проста прыйсці на вяселле, трэба быць адпаведна апранутым.
Св. Аўгустын бачыў у прыпавесці вобраз Касцёла і стан душы: «Вясельная вопратка – гэта святасць сэрца і чысціня сумлення. Многія знаходзяцца ў Касцёле целам, але не духам; прымаюць сакрамэнты, але не прымаюць жыцця Хрыста. На Божым судзе будзе ўлічвацца не тое, дзе ты сядзіш, а тое, як ты жывеш».
Сёння неабходна шчыра сабе адказаць на важнае пытанне: якая мая вясельная вопратка? Ці з'яўляецца мая вера толькі знешняй прыналежнасцю да Касцёла, ці я сапраўды «апрануўся ў Хрыста» праз пакаянне, любоў да бліжняга і служэнне яму, а таксама жыву ў асвячальнай Божай ласцы?
Божы заклік яшчэ неабходна свядома прыняць і рэалізаваць. Таму словы «шмат пакліканых, але мала выбраных» заахвочваюць, каб не адкладваючы, я адказаў на пытанне, што раблю дзеля таго, каб рэалізаваць сваё пакліканне?
Божае запрашэнне да збаўлення з'яўляецца ўніверсальным і бясплатным. У сваёй бязмежнай ласцы Нябесны Айцец кліча кожнага, не зважаючы на нашае мінулае. Прыняць запрашэнне – значыць не проста «быць у спісах» Касцёла, але перамяніць сваё жыццё і «апрануцца ў Хрыста». Таму словы Збаўцы гучаць, як заклік да пастаяннай духоўнай чуйнасці і адказнасці за атрыманы дар веры.
кс. Юрый Жэгарын