Што значыць «быць благаслаўлёным» і што трэба зрабіць, каб Богу спадабацца? Сёння Хрыстос у некалькіх простых, але мудрых словах адказвае на гэтае пытанне.
Калі Езус прамаўляў да народа, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе! А Ён сказаў: Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго.
Жанчына з натоўпу, захапляючыся мудрасцю і сілай Езуса, выражае цалкам зразумелы, эмацыйны і па-чалавечы цёплы парыў. Яна лічыць, што найвялікшае шчасце – быць маці такой выдатнай асобы. Езус мякка, але рашуча папраўляе яе і паказвае, што ў Божым Валадарстве прыналежнасць вымяраецца не генетыкай ці гістарычнай роляй, а адкрытасцю сэрца і асабістымі адносінамі.
Важна разумець: Езус не кажа, што Яго маці не шчаслівая. Наадварот, Марыя – першы і дасканалы ўзор таго, пра што Езус кажа. Такім чынам, Збаўца паказвае крыніцу Яе велічы: не цела, але вера. Шчаслівая яна таму, што стала маці, але куды больш шчасця мае таму, што слухае і захоўвае Слова.
Папа Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Redemptoris Mater» тлумачыць, што Хрыстос хоча адцягнуць увагу ад мацярынства, якое разумеюць толькі як цялесную сувязь, каб скіраваць увагу на містычную сувязь у духу, якая ўзнікае з глыбокага даверу, са слухання і захавання Божага слова.
Чалавек схільны лічыць, што благаслаўленне знаходзіцца ў нечым выключным: у малітоўным перажыванні, у прыгожай літургіі. Езус скіроўвае наш позірк на іншае: на жыццё ў паслухмянасці Божаму слову. Варта спытаць сябе, калі я лічу сябе шчаслівым, благаслаўлёным: калі адчуваю Божую прысутнасць, калі мне ўсё ўдаецца?..
Езус спалучае два дзеянні: слухаць і захоўваць. Гэта не два асобныя этапы, а адзіны акт веры. Занадта часта мы разумеем веру як веданне: чытаем Евангелле, слухаем казанні, ведаем запаведзі. А якое апошняе слова з прачытанага Евангелля ці пачутага казання я насамрэч паспрабаваў увасобіць у жыцці і што з гэтага выйшла?
Сённяшнія словы Хрыста з’яўляюцца аднымі з найбольш радыкальных ва ўсім Евангеллі, бо разбураюць рэлігійныя стэрэатыпы. Езус адкрывае доступ да аднолькавай блізкасці з Богам усім. Кожны чалавек, які слухае і стараецца жыць паводле Божай волі, незалежна ад полу, узросту ці сацыяльнага статусу, становіцца для Яго больш блізкім, чым сваякі па крыві.
кс. Юрый Жэгарын