Добрая Навіна, абвешчаная Езусам, паказвае, што чалавек не можа заставацца нейтральным у духоўнай рэальнасці, яна не зносіць унутранай пустэчы.
Калі Езус выганяў злых духаў, казалі некаторыя з натоўпу: Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула, князя дэманаў. А іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад яго знаку з неба. Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Усялякае валадарства, якое падзялілася ў самім сабе, спусташаецца, і дом падае на дом. Калі ж і сатана раздзяліўся ў сабе, як устаіць валадарства ягонае? Вы ж кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. А калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства. Калі ўзброены асілак пільнуе свой двор, у бяспецы маёнтак ягоны. Калі ж мацнейшы за яго нападзе і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю. Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідвае. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то ходзіць па бязводных мясцінах, каб знайсці адпачынак, і, не знаходзячы, кажа: Вярнуся да свайго дому, адкуль выйшаў. І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. Тады ідзе і бярэ з сабою яшчэ сем духаў, больш злых за яго, і, увайшоўшы, жывуць там. І апошні стан гэтага чалавека становіцца горшым за папярэдні.
Людзі бачаць цуд: Хрыстос выганяе злога духа. Але замест веры яны выказваюць падазрэнне: «Ён выганяе дэманаў сілаю Бэльзэбула». Так з самага пачатку падкрэсліваецца супраціўленне чалавечага сэрца Божай праўдзе: людзі могуць бачыць сапраўдныя Божыя справы, але тлумачыць іх як заўгодна па-свойму, каб толькі не прызнаваць Бога. Езус паказвае ўнутраную супярэчлівасць іх абвінавачвання.
Калі б Хрыстос выганяў дэманаў сілаю князя дэманаў, то гэта азначала б, што сатана змагаецца сам з сабою. Гэты аргумент дэманструе, што Езус дзейнічае як праціўнік і пераможца зла. У Ім і праз Яго ў свет увайшло Божае панаванне, якое руйнуе ўладу злога духа.
Святая Кацярына Сіенская разумела гэтае месца як перасцярогу і заклік да радыкальнага евангельскага жыцця. Хрыстос – адзіны Пераможца д’ябла, і чалавек павінен штодня свядома абіраць Езуса, напаўняючы душу любоўю, каб вызваленае сэрца не стала яшчэ зручнейшым месцам для зла.
Езус згадвае ўзброенага асілка, які сцеражэ сваю здабычу. Гэты асілак – сатана, але вось прыходзіць мацнейшы за яго – Хрыстос, які перамагае і пазбаўляе таго ўлады. Таму духоўная вайна не зносіць нейтральнасці. Даволі часта, аднак, існуе небяспека заняць месца незалежнага назіральніка. Ці не здараецца і мне часам займаць такую пазіцыю?
Замала пазбавіцца зла – трэба напоўніць жыццё Богам. Чалавек, з якога выйшаў злы дух, падобны да «вымеценага і прыбранага» дому. Калі гэты дом застанецца пустым, стан чалавека пагоршыцца. Павярхоўнае навяртанне небяспечнае, таму Езус заклікае не проста адмовіцца ад граху, а жыць у паўнаце Божай любові. Ці хачу я гэтага?
Хрыстос прадстае перад намі як моцны Пераможца зла, які прынёс у свет Божае Валадарства. Людзі пакліканыя не толькі бачыць Яго справы, але і здзейсніць канчатковы выбар, а менавіта – цалкам стаць на бок Езуса і напоўніць сваё жыццё Яго прысутнасцю, іначай вызваленне абернецца яшчэ большым падзеннем.
кс. Юрый Жэгарын