Пытанне «хто мой бліжні» становіцца нагодай для прыпавесці Езуса. Сёння, як і ва ўсе часы, гэтае пытанне з'яўляецца надзвычай актуальным.
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш? Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць. Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні? Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
Езус паказвае, што сапраўдную любоў да Бога немагчыма аддзяліць ад канкрэтнай любові да чалавека, якога Бог ставіць на нашым шляху. Кніжнік шукае тэарэтычнае разуменне «бліжняга», каб апраўдаць сябе і акрэсліць межы ўласнай адказнасці. Езус жа пераводзіць пытанне з юрыдычнай плоскасці ў жыццёвую: не важна, хто фармальна лічыцца бліжнім, важна, ці гатовы ты сам стаць бліжнім для таго, хто церпіць.
Святар з прыпавесці, які праходзіць міма, – прыклад рэлігійнасці, замкнёнай на рытуалах і правілах, але пазбаўленай сэрца. Ён ведаў Закон, але не выканаў, бо пабаяўся рытуальнай нячыстасці. Езус паказвае, што Божая міласэрнасць пераўзыходзіць людскія абмежаванні: мой бліжні – кожны, хто ў патрэбе.
Святая Фаўстына, якую сёння ўзгадвае Касцёл, у сваім «Дзённіку» пісала: «Я буду імкнуцца ў кожным чалавеку бачыць Езуса». Чалавек, якога пакрыўдзілі, – не проста біблійны персанаж, а жывы вобраз Хрыста, які церпіць у бліжнім. Міласэрнасць да бліжняга – гэта жэст міласэрнасці да самога Езуса.
Такім чынам, Езус заклікае не шукаць апраўданняў, а дзейнічаць: не пытацца «хто мой бліжні?», а самому быць бліжнім, пераадольваючы страх, абыякавасць і рэлігійны фармалізм. Таму кожны мае адказаць сабе на пытанне: ці з’яўляюся я бліжнім для тых, хто ў патрэбе, ці толькі шукаю камфортныя для сябе межы гэтага абавязку?
Мая любоў да Бога праяўляецца ў канкрэтных учынках міласэрнасці ці застаецца толькі тэарэтычным веданнем, як у юдэйскага святара, які прайшоў міма?
Сапраўдная любоў да Бога вымяраецца любоўю да бліжняга. Асабіста для кожнага хрысціяніна гэтая прыпавесць з'яўляецца ўнутраным папярэджаннем: нельга быць святым без учынкаў міласэрнасці. Міласэрнасць неабходна штодзённа практыкаваць у адносінах не толькі да бедных і церпячых, але і да тых, хто патрабуе маёй увагі, словаў падтрымкі.
кс. Юрый Жэгарын