Слова Божае паказвае драматычную гісторыю адносінаў Бога са сваім народам, а таксама папярэджвае пра непазбежны суд і абяцае Божае Валадарства тым, хто зможа прынесці сапраўдныя плады веры.
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых. Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
Бог шукае не рытуальнай чысціні, не рэлігійных учынкаў для вачэй людскіх, а жывых пладоў веры. Хрыстос – адзіны, сапраўдны Спадкаемца, і толькі праз Яго, а не праз уласныя заслугі, чалавек пачынае будаваць з Ім адносіны і сваю будучыню. Той, хто не прыносіць пладоў веры і любові, будзе адкінуты, а той, хто верыць, атрымае ў спадчыну Валадарства Нябеснае.
Гэтая прыпавесць – не проста алегорыя, а вобраз усёй гісторыі збаўлення. Вінаграднік – народ Божы, які Гаспадар агарадзіў законам Майсеевым, давіла – алтар, вежа – ерузалемская святыня. Вінаградары – гэта правадыры Ізраэля: першасвятары, кніжнікі, фарысеі. Слугі – прарокі, Сын – гэта сам Хрыстос.
Святая Кацярына Сіенская, у сваю чаргу, бачыла вінаграднік як вобраз чалавечай душы: «Кожная разумная істота мае ў сабе вінаграднік: гэта вінаграднік яе душы». Наш абавязак – «працаваць у вінаградніку паслухмянасці» з любоўю, бо ўзнагарода залежыць ад меры гэтай любові.
Кожнаму з нас даверана Богам сфера нашай адказнасці – за сябе і сваё збаўленне, за іншых давераных нам людзей, за давераныя нам прафесійныя абавязкі. Ці ўспрымаем мы ўсё як вінаграднік, давераны нам Богам, а не як сваю ўласнасць, што мы не кіраўнікі, а толькі распарадчыкі, слугі?
Важна таксама адказаць на пытанне, дзе ў нашым жыцці мы адкідаем Сына? Ці, можа, мы баімся, што Хрыстус «забярэ» нашу ўласнасць: планы, незалежнасць, звычкі, наша свавольства? Ці дазваляем мы Езусу быць краевугольным каменем нашага дня – або мы трымаем Яго дзесьці на ўскрайку, звяртаючыся да Яго толькі час ад часу, а жыццё будуем на іншым падмурку?
Госпад дае кожнаму час і Ён умее чакаць, але час Божага чакання імгненна праходзіць, і суд становіцца непазбежным для таго, хто вырашыў узурпаваць уладу над сваім жыццём выключна для сябе. Добрая навіна для ўсіх нас у тым, што прыпавесць завяршаецца не пагрозай, а надзеяй, што кожны, нават самы вялікі грэшнік і бунтаўнік, можа стаць добрым вінаградарам, які аддасць Богу тое, што Яму належыць.
кс. Юрый Жэгарын