Езус сёння звяртае нашу ўвагу на самае галоўнае: каб нашыя імёны былі запісаныя ў нябёсах. Апошні канон Кодэкса кананічнага права абвяшчае, што збаўленне чалавечай душы – гэта найвышэйшы закон.
Семдзесят два вучні вярнуліся з радасцю і казалі: Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё. А Ён казаў ім: Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось даю вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах. У той час узрадаваўся ў духу Езус і сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо так Табе спадабалася. Усё перададзена мне Айцом Маім. І ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: Благаслаўлёныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі.
Слова Божае заклікае да радасці збаўленння, а не да паспяховасці ці дасягненняў. Пэўныя вынікі ў нашым жыцці з'яўляюцца найперш плёнам Божай ласкі, а не проста нашымі чалавечымі заслугамі. Нават улада над злом – гэта Божы дар, а не моц вучняў. Хрыстус перасцерагае нас ад ганарлівасці і заклікае да сапраўднай велічы вучняў Пана – належаць Яго Валадарству.
Папа Грыгорый Вялікі адзначаў, што Езус узгадвае падзенне сатаны, каб упакорыць вучняў. Ён паказвае ім прыклад «аўтара ганарлівасці», каб яны ўсведамлялі, якая небяспека ім пагражае, калі яны пачнуць хваліцца сваімі поспехамі.
«Дзецi» ў сённяшнім Божым слове – гэта людзі пакорнага і простага сэрца. Бэнэдыкт XVI тлумачыў, што быць «малым» азначае быць чыстым, вольным ад самаўпэненасці ці ілюзіі, нібыта чалавек не мае патрэбы ў Богу. Менавіта такое «быццё малым, як дзіця», адкрывае доступ да сыноўняй блізкасці з Айцом.
Гледзячы на няспыннае ахвярнае служэнне Хрыста ў Эўхарыстыі, мы чуем заклік Збаўцы вучыцца ў Яго пакоры. Ці ўсведамляю я свой унікальны прывілей бачыць Хрыста ў выглядзе хлеба і віна, а таксама падыходзіць да крыніцы Божых ласк у святых сакрамэнтах?
Што для мяне азначае тое, што маё імя «запісана ў нябёсах»? Ці дае гэта мне асабістае пачуццё бяспекі – незалежна ад неспрыяльных абставінаў, паразаў і непрыняцця іншымі?
Сапраўдная веліч таго, хто ў пакоры сэрца давярае Хрысту, заключаецца не ў здольнасцях і перамогах над спакусамі і не ў мінулых дасягненнях, а ў тым, што я асабіста пазнаны Богам. Такое пазнанне даецца не мудрацам, а таму, хто мае простае, даверлівае і дзіцячае сэрца. Езус сёння звяртаецца да нас, адкрытых на пачутае Слова, і называе нас благаслаўлёнымі, гэта значыць – шчаслівымі!
кс. Юрый Жэгарын