Чалавецтва заўсёды жыло іерархіяй: хто вышэйшы, хто галоўнейшы, хто мае больш правоў і ўлады. Нават бліжэйшыя вучні Хрыста, якія штодзённа чулі Яго навучанне, не пазбеглі гэтай спакусы.
У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.
Езус заклікае адмовіцца ад звычайнага разумення іерархіі і ўлады: уваход у Валадарства Божае дасягаецца не праз самаўзвышэнне, а праз свядомую паставу ахвярнага прыніжэння, даверу і бескарыслівасці, якія ўласцівыя дзіцяці. Больш за тое, у нашым стаўленні да слабых і малых выяўляецца тое, як мы ставімся да самога Хрыста.
Святы Геранім называе Хрыста Настаўнікам пакоры. Сваім прыкладам Езус вылечвае вучняў ад жадання славы і заклікае іх спаборнічаць у пакоры, а не ў велічы. Пакора – брама да Валадарства Божага. Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным ласку дае.
Святая Тэрэза з Лізьё вучыла, што да святасці вядуць не вялікія подзвігі, а бязмежны давер Божай любові і выкананне найменшых штодзённых спраў з любоўю. Яна называла гэта «малым шляхам» – шляхам духоўнага дзяцінства. Быць як дзіця – значыць поўнасцю давяраць Богу, як дзіця давярае любячаму бацьку.
Давяраць Богу як Айцу праяўляецца перш за ўсё на ўзроўні сэрца і думак. Ці ўмею я плакаць перад Богам ад простай бяды і смяяцца ад звычайнай радасці, ці мая вера стала сухой і фармальнай? Наколькі мой давер з'яўляецца безумоўным, без чакання нешта за гэта атрымаць?
Вучыцца паставе дзіцяці ў штодзённым жыцці – гэта не аднаразовы ўчынак, а штодзённая аскетычная практыка свядомага супраціўлення свайму эга. У сямейнай або працоўнай спрэчцы ці магу саступіць хоць бы раз у той момант, калі абсалютна ўпэўнены ў сваёй праваце ў імя захавання міру? Ці гатовы я «перамагаць» па-іншаму, каб захаваць любоў?
Сёння Хрыстос ставіць перад намі жывы і вельмі вымоўны вобраз – дзіця. Пакуль буду даказваць сабе і іншым, «хто большы», магу згубіць самае істотнае. Як толькі я перастану змагацца за сваё месца і прыпаду да ног Езуса з дзіцячым даверам, змагу адчуць сапраўдную свабоду і радасць.
кс. Юрый Жэгарын