У свеце шмат разнастайнай інфармацыі, як навуковай, так і штодзённай: навіны, надвор’е… І для абвяшчэння гэтых звестак, гэтай праўды, якой мы яшчэ не ведаем, заўсёды хтосьці патрэбны.
Прызначыў Пан іншых семдзесят двух вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў, і ў дарозе нікога не вітайце. У які дом увойдзеце, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ў іх ёсць, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае. Калі прыйдзеце ў які горад, і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лепш, чым гораду таму.
Сёння Хрыстос пасылае сваіх вучняў туды, куды збіраўся пайсці сам. Задача гэтага падарожжа – несці спакой і абвяшчаць, што наблізілася Валадарства Божае. Езус просіць нічога з сабою не браць, каб вучні насамрэч былі свабоднымі і ва ўсім абапіраліся на Таго, каго абвяшчалі.
Бывае, што мы абражаемся ці злуём на людзей, якія не хочуць прыняць Бога. Хрыстос ясна кажа вучням, што калі так здарыцца, хай абтрасуць пыл, што прыліп да іх ног, але ўсё адно скажуць, што наблізілася Валадарства Нябеснае.
Сёння мы молімся да Пана жніва і просім, каб паслаў туды сваіх работнікаў. Ці задумваўся я, што, можа, я і ёсць той самы работнік, пасланы Богам абвяшчаць Валадарства і несці спакой? І для гэтага неабавязкова ісці ў далёкі горад – часам варта проста зазірнуць у суседні пакой.
Хрыстос кажа, што для абвяшчэння Божага Валадарства не трэба нічога браць з сабой. Ён звяртае ўвагу толькі на тое, што варта быць побач з асобай, да якой прыйдуць вучні: заставацца ў яе доме, разам маліцца і шукаць Бога. Ці ўсведамляю сабе, што мая прысутнасць у жыцці іншага чалавека можа быць благаслаўленнем?
Пасля вяртання Апосталы дзяліліся досведам, гісторыямі навяртання тых, каго сустрэлі. Яны мелі шмат пытанняў да Хрыста, бо ў гэтым падарожжы не ўсё ўдалося так, як хацелася. Але Езус патлумачыў ім, як можна вырашыць тую ці іншую праблему.
Божа, дай сілы годна выконваць Тваё пасланніцтва, навучы мяне слухаць і чуць!
а. Станіслаў Вашкевіч SAC