Малітва з’яўляецца перамяняльным вопытам сустрэчы чалавечай душы з Богам. Такое спатканне напаўняе жыццё сэнсам і дорыць надзею. Для трываласці гэтых плёнаў неабходны таксама мой адказ веры.
Калі Езус і вучні Ягоныя былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву. А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае. Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.
Хрыстус сустракаецца з трыма асобамі – патэнцыяльнымі вучнямі. Падчас сустрэчы, дыялогу Ён разбурае іх ілюзію аб «танным» і камфортным хрысціянстве. Сёння магу і я знайсці сябе ў апісаных сцэнах і задумацца над сваім хрысціянствам або над сваім вучнёўствам – калі прысвяціў гэтаму шляху сваё жыццё.
Самая частая пастка д'ябла – не прымусіць чалавека сказаць Богу «не», а падштурхнуць да адказу «так» на словах, а дзеянні адкласці на пазней: калі закончу вучобу, калі вырастуць дзеці, калі выйду на пенсію, калі вырашу праблемы. Езус жа кліча мяне «сёння».
Для святога Гераніма пакліканне – гэта святы агонь. Не цёплае, камфортнае жыццё, а шлях сур'ёзнай барацьбы, глыбокага інтэлектуальнага пошуку і бязмежнай любові да Хрыста, якая выяўляецца праз любоў да Ягонага Слова.
Хрысціянін павінен перажываць сваё жыццё, будучы ўнутрана свабодным. Хрысціянства патрабуе ад нас умення разрываць «канаты», якія трымаюць нас у мінулым або прывязваюць да зямнога камфорту. Ці ёсць у маім жыцці моманты, для мяне больш істотныя, чым маё хрысціянства?
Езус шчыры з намі. Ён не абяцае лёгкай дарогі, а ясна гаворыць, што Валадарства Божае патрабуе канкрэтнай ахвяры, выбранай намі ў свабодзе. Ці я чую гэты выклік для майго хрысціянства? Ці, можа, мая вера – гэта толькі камфортнае жыццё паводле майго асабістага праекту?
Сёння перада мной моцны выклік, з якім можа сустрэцца кожны веруючы. Ён змушае паглядзець на ўласную веру і ўсвядоміць адказнасць за яе, задумацца, ці не азіраюся назад, трымаючы руку на плузе, ці не сяджу на двух крэслах.
Божа, адары мяне разуменнем і мудрасцю на жыцёвым шляху. Узмацняй веру ў тое, што Ты знаходзішся побач са мной, каб даваць сэрцу супакой і радасць.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC