Дарослы, надзейны чалавек – гэта асоба з моцным ўнутраным маральным компасам. Ён не змяняе сваіх прынцыпаў дзеля выгады і нясе адказнасць за свае ўчынкі, паважаючы годнасць кожнага чалавека.
Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, сказаў пра яго: Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма падману. Натанаэль сказаў Яму: Адкуль Ты ведаеш мяне? Езус сказаў яму ў адказ: Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю. Адказаў Яму Натанаэль: Раббі, Ты Сын Божы! Ты Валадар Ізраэля! Езус сказаў яму ў адказ: Ці ты верыш, таму што Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта. І кажа яму: Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага.
Сёння назіраю за сустрэчай Езуса і Натанаэля. Спачатку Натанаэль выражае здзіўленне, можа, нават палохаецца: адкуль Хрыстос усё ведае? А праз хвіліну яго сэрца перапаўняецца радасцю, ён вызнае веру ў Бога і прызнае Езуса Збавіцелем.
Папярэдні скептыцызм Натанаэля «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» перамагае спакойная прапанова Філіпа: «Ідзі і паглядзі». Натанаэль слухаецца і адбываецца спатканне, якое цалкам змяняе ягонае жыццё.
Ці ўсведамляю, што Езус і мяне бачыць у маёй цішыні? Ён ведае мае думкі, калі я застаюся сам-насам з сабой. Бачыць мае пошукі і сумнівы. Мне не трэба прытварацца перад Богам, бо Ён любіць мяне з усім, што маю, і чакае шчырасці. Ці размаўляю з Богам адкрыта, ці давяраю Яму?
Натанаэль ледзь не прапусціў Месію з-за свайго прадузятага стаўлення да Назарэта. Гэта папярэджанне і на сённяшні час: Бог можа прыходзіць да мяне праз простыя рэчы, непрыкметных, падавалася б, людзей ці абставіны, якія здаюцца няважнымі. Ці я ў сваёй штодзённасці кіруюся стэрэатыпамі ў адносінах да другога чалавека і да Бога?
Калі хачу адчуць неба ўжо тут, на зямлі, і напоўніць жыццё вечнасцю, мне патрэбная вера ў Езуса як Збаўцу і асабістыя адносіны з Ім. Тады мне будзе лягчэй зразумець, калі патрэбная багаслоўская дыскусія, а калі простыя словы «Ідзі і паглядзі», каб даць другому чалавеку сведчанне веры.
Божа, дай мне адвагу шчырасці перад самім сабой і перад Табой. Навучы быць чалавекам, «у якім няма падману».
а. Станіслаў Вашкевіч SAC