Паводле Евангелля, велічны чалавек адлюстроўвае Бога праз пакору і любоў. Яго сіла – у спаўненні Божай волі, служэнні слабым. Ён вялікі не зямной уладай, а глыбокай сувяззю з Богам.
Між вучняў паўстала пытанне: хто з іх быў бы большы? Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, а хто прымае Мяне, той прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі. Ян сказаў у адказ: Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі. І сказаў яму Езус: Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.
Сёння магу заўважыць, якой глыбокай была розніца, паміж мысленнем Езуса і амбіцыямі вучняў. Задумы пра тое, хто большы, пытанне пра іншага экзарцыста выкрываюць іх духоўную няспеласць. Хрысціянская іерархія палягае на служэнні. Прыняць дзіця – значыць быць адкрытым на людзей, якія не могуць даць нічога ўзамен: бедных, хворых, адкінутых. Маё стаўленне да іх вызначае мае адносіны з Хрыстом.
Хрысціяне розных канфесій схільныя асуджаць або не давяраць адно аднаму. Езус нагадвае: калі хтосьці робіць дабро і сведчыць пра Бога, варта радавацца гэтаму, а не забараняць. Якое маё стаўленне да людзей іншых хрысціянскіх канфесій?
Дух Святы вее, дзе хоча і калі хоча. Я павінен быць Яго прыладай, а не кантралёрам Божай ласкі. Хрыстос заклікае адыходзіць ад вузкасці позірку і прызнаваць дабро там, дзе яно ёсць. Ці разумею, што імя Езуса не з’яўляецца маёй уласнасцю?
Сёння Хрыстос нагадвае мне пра чалавечую шкалу каштоўнасцей. З яе вынікае, што мая сапраўдная веліч вымяраецца не колькасцю слуг, а здольнасцю служыць тым, хто слабы і безабаронны.
Божа, дапамажы мне глядзець на сябе Тваім позіркам. Дапамажы заўважаць Тваю любоў і перадаваць яе далей, кожнаму напатканаму чалавеку, асабліва найбольш патрабуючаму і таму, хто адрозніваецца ад мяне.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC