Паслухмянасць у веры – гэта свядомая гатоўнасць выконваць волю Бога. Гэта не прымус, але акт даверу, калі мы прымаем Божыя запаведзі як найвышэйшае дабро.
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы. Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Прыпавесць, якую сёння распавядае Езус, паказвае крывадушнасць тых, хто знешне выконвае закон, але ўнутры адкідвае Божую волю. Езус паказвае, што грэшнікі, якія пакаяліся, бліжэй да Валадарства Божага, чым тыя, хто штодня слухае Божае слова і не выконвае яго. Адметна тое, што Хрыстус называе як адных, так і другіх сынамі, а гэта значыць, што Ён нікога не адкідвае – усе маюць аднолькавы шанец.
Прыпавесць пра двух сыноў з’яўляецца моцным пасланнем пра паслухмянасць Божай волі. Езус звяртаецца гэтай прыпавесцю да першасвятароў і старэйшынаў народа, якія адкідвалі Яго і пры гэтым сцвярджалі, што выконваюць Божую волю. Вось так часам, апраўдваючы свае паводзіны, мы можам адкінуць самога Бога.
«Не хачу!» – прамая, грубая адмова, якая сведчыць пра непаслухмянасць. Але нават пасля такога сын перадумаў (пакаяўся) і выканаў бацькоўскую волю. Гэта ўчынак, які сведчыць аб сапраўдным пакаянні і змене сэрца. Ці хапае ў маім жыцці адвагі прызнаць перад Богам сваю памылку і распачаць перамену сэрца?
«Ужо іду, спадару», – знешне вельмі пачцівы, хуткі і станоўчы адказ, але ён не быў падмацаваны ўнутраным намерам або канкрэтным дзеяннем. Словы былі пустыя. Ці мая паслухмянасць Богу не бывае часам падмацаваная пустаслоўем? З якім намерам я выходжу з будынка парафіяльнага касцёла?
Сапраўдная паслухмянасць Богу – гэта выкананне Ягонай волі, нават калі нам спачатку гэта не падабаецца. Сам Езус на малітве ў Гетсэманскім садзе перапытваў Бога Айца, ці сапраўды Ён павінен усё гэта цярпець, можа, можна штосьці змяніць, але як вынік размовы: «Няхай станецца воля Твая» (Мц 26, 42). Гэта вельмі складаныя і нялёгкія моманты, але з іх будуецца нашая дарога да збаўлення.
а. Станіслаў Вашкевіч SAC