Сёння Евангелле запрашае нас паразважаць пра тое, як чалавек можа рэагаваць на прысутнасць Бога ў сваім жыцці і якія прыярытэты мусіць выбудоўваць.
Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».
У рэлігійным жыцці часам сутыкаюцца дзве пазіцыі: актыўная дзейнасць і сузіральная цішыня. Дзе праўда? Мы часта супрацьпастаўляем гэтыя падыходы. Аднак Хрыстос не прыніжае вартасці працоўнага служэння, Ён толькі нагадвае: перад тым, як дзейнічаць на Божую карысць, варта спачатку напоўніцца Ім.
Езус не абясцэньвае клопаты Марты: дзякуючы яе паслузе Настаўнік зможа адпачыць, каб несці далей святло Добрай Навіны. Яе праца – гэта любоў праз служэнне. Але мітусня аддаліла яе ад самога Госця. Марыя ж адчула дарэчны момант: калі Бог гаворыць, усё астатняе павінна сцішыцца.
Святы Аўгустын адзначаў, што Марта і Марыя сімвалізуюць два этапы хрысціянскага шляху. Праца Марты важная на зямлі, бо людзям патрэбны клопат. Але гэтая дзейнасць некалі скончыцца, у адрозненне ад абранага Марыяй. Сузіральнасць Марыі – гэта пачатак вечнасці.
Для таго, каб ісці ў свет і несці людзям спакой і дабро, трэба самому напоўніцца любоўю. Ці ўдаецца мне сярод штодзённых спраў і абавязкаў знайсці хвіліну на ціхую размову з Панам?
Ці маю я месца для якога-небудзь служэння, дзе магу радасна дзяліцца ўдзеленымі мне Богам дарамі і талентамі з іншымі?
Хрысціяне пакліканыя быць і Мартай, і Марыяй адначасова. Наш шлях – гэта гармонія: сузіраць Бога, сядзець ля Яго ног і слухаць, разважаць Яго Слова, а потым дзяліцца плёнам гэтага з іншымі праз дзейсную паслугу бліжняму.
Пане, у цішыні малітвы натхняй мяне на служэнне ў любові.
Воля Бранавец-Янковіч