Сёння Бог прапануе паглядзець на чалавека з паралізаванай правай рукой – гэта вобраз таго, хто прагне рабіць дабро, але не знаходзіць у сабе сілы, каб гэтае дабро здзейсніць.
Аднойчы ў шабат Езус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў паралізаваную правую руку. А фарысеі і кніжнікі сачылі, ці не будзе Езус аздараўляць ў шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго. Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, у якога была паралізавана рука: Падыміся і стань пасярэдзіне. Той падняўся і стаў. Тады Езус сказаў ім: Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць душу ці загубіць? І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму: Працягні руку сваю. Той зрабіў гэта, і выздаравела рука ягоная. А яны ж напоўніліся лютасцю і абмяркоўвалі паміж сабою, што б зрабіць з Езусам.
Нам добра знаёмыя моманты пракрастынацыі, калі мы разумеем, што павінны нешта зрабіць, але з незразумелых прычынаў не можам за гэта ўзяцца. Святы Павел апісвае такі стан словамі: «Дабро, якое хачу, не раблю. Няшчасны я чалавек!» (гл. Рым 7). Магчыма, хворы з сённяшняга Евангелля ведаў усе правілы закона, але не меў сілаў, каб іх выканаць. Яго правая рука – сімвал дзейнасці – была паралізаваная.
Езус ставіць чалавека ў цэнтры сінагогі, каб паказаць нам, што менавіта чалавек з’яўляецца адрасатам Божай любові. У словах «падыміся і стань» мы бачым запрашэнне да новага жыцця – да ўваскрашэння ў Хрысце, да жыцця, поўнага ахвярнай і бескарыслівай любові.
Ці магу я радавацца дабру, якое адбываецца перад маімі вачыма – нават калі яно не зусім такое, якога я чакаю? Ці не раздражняюся часам глыбока ўнутры з-за таго, што хтосьці іншы, а не я, гаворыць ці робіць нешта, наследуючы Хрыста?
Ці з радасцю працягваю сваю далонь, каб дапамагчы іншым? Якому чалавеку ў патрэбе я дапамог у апошні час?
Езус працягвае руку кожнаму. Ён дзеліцца ўсім, што мае: сваёй міласэрнасцю і бязмежнай любоўю. Гэтым жэстам адкрытага сэрца Ён таксама адкрываў людзям вочы, каб яны паглядзелі на сваё жыццё і рэчаіснасць у іншым, Божым, святле. Хрыстус дорыць прабачэнне, якое вяртае грэшнікам надзею на новы пачатак. Ён благаслаўляе нас, каб аздаравіць нашыя душы і целы ды ўзмацніць імкненне да неба.
кс. Алег Шпець SChr