Увогуле, мы не так шмат ведаем пра жыццё Марыі. Адзінае, што вядома дакладна, – гэта тое, што Марыя ўсё жыццё казала Богу «так». Менавіта да гэтага Яна заахвочвае і ўсіх нас.
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”.
Марыя з’яўляецца цудоўным прыкладам таго, які плён можа мець Божае слова, калі чалавек зможа слухаць так, як слухала Святая Дзева. Яна паказвае, як Бог можа дзейнічаць у жыцці кожнага з нас. Нават тады, калі па-чалавечы ўсё здаецца бессэнсоўным, нелагічным і немагчымым, варта толькі са шчырай верай прыняць слова Бога – і тады зможам сузіраць такі плён, які нават уявіць сабе не можам.
Каб Юзаф змог стаць апекуном Езуса, яму самому трэба было спачатку адрадзіцца ў Духу. Хоць ён і справядлівы чалавек, выконвае Божую волю, у выпадку Марыі Юзаф адчувае сябе бязрадным і прымае памылковае рашэнне. І тады ён засынае, замаўкае, каб да яго мог прамаўляць Бог.
Часам трэба памерці, каб нарадзіцца наноў. Кожная непрыемная падзея ў нашым жыцці нейкім чынам абнаўляе ўяўленне пра рэальнасць, у якой мы існуем, змушае нас яе пераацаніць. Знікае прызма «ружовых акуляраў», перад унутраным зрокам адкрываецца суровая рэальнасць жыцця, якая прывяла да пэўнай сітуацыі.
Што дапамагае мне нарадзіцца наноў?
Езус вучыць мяне па-новаму глядзець на гэты свет. Ён паказвае, што жыццё дае не столькі матэрыя, колькі дух. Любоў да бліжняга дае значна больш, чым матэрыяльная дапамога. Памкненнем сэрца можна змяніць усё наўкола, бо без любові немагчыма жыць.
Ці здаралася мне сваім жыццём змяняць жыццё іншага чалавека?
Жыццё Марыі паказвае, што ў пілігрымаванні да неба поспех вымяраецца не звыклымі людзям крытэрыямі. Для свету поспех – гэта тое, чаго дасягаеш, набываеш, зарабляеш. У Божым святле поспех – гэта непахіснасць у добрым.
Божа, дапамажы мне, па прыкладзе Марыі, годна праходзіць праз усе выпрабаванні і захоўваць вернасць Табе ва ўсім.
кс. Алег Шпець SChr