Сёння паразважаем пра падказкі аб тым, што такое шчасце і які шлях вядзе да яго – шлях цярністы і цяжкі, але, безумоўна, варты таго, каб ісці па ім.
Езус узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў: Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае. Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце. Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце. Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія. Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Гэты ўрывак з Евангелля, здаецца, поўны парадоксаў. Тое, чаго прагне чалавек, і тое, што прапануе Езус, быццам выключаюць адно другое. Бо калі чуем пра беднасць, голад, пагарду і пераслед як шлях да існага шчасця, што прыходзіць у галаву: «О, выдатна!» ці хутчэй «Даруйце, але гэта не маё»?.. Аднак мы не станем сапраўднымі вучнямі Хрыста, калі не зразумеем, што парадоксаў тут няма.
Езус гаворыць пра два вымярэнні жыцця: цялеснае і духоўнае. «Шчаслівыя ўбогія духам». Духоўнае ўбоства з'яўляецца ўмовай для дзеяння самога Бога, бо калі няма майго «я», ёсць месца для Божага дзеяння. Гэта няпроста зразумець і прыняць, але любоў усё патлумачыць.
Зараз добры момант, каб падумаць, што звычайна робіць мяне шчаслівым, а што нясе смутак і няшчасце. Што я зраблю на працягу гэтага дня, каб увечары адчуваць шчасце, а чаго буду пазбягаць, каб не змарнаваць гэты дзень?
На чым я грунтую сваё жыццё, як стаўлюся да матэрыяльных дабротаў? Ці з пашанай і розумам выкарыстоўваю плёны працы сваёй і іншых людзей?
Езус вучыць, што наш розум, дух, воля, словы, а таксама сэрца – то-бок нашыя эмоцыі і пачуцці – павінны ўтвараць адно цэлае і ахопліваць усю асобу. Толькі так мы зможам стаць больш «чалавечнымі».
Пане, сёння кірую ўсе свае думкі, пачуцці і намеры да Цябе. Прагну наследаваць Цябе, Божа, бо ў Табе – мая вера, надзея і любоў.
кс. Алег Шпець SChr