Магу працяглы час быць перакананым, што кагосьці люблю. Аднак толькі дасведчыўшы пэўнага цярпення, праблем, аддаўшы больш, чым атрымаў, змагу ўбачыць, ці так гэта на самой справе і як я люблю.
Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі. Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж. Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.
Евангелле – гэта добрая навіна пра Божую любоў да мяне і да кожнага чалавека. Яно праявілася ў асобе Езуса Хрыста, які выканаў сваю місію збаўлення і паказаў бязмерную любоў Айца да свайго стварэння. Евангелле захоўвае актуальнасць і сёння. Бог і цяпер працягвае быць добрым для кожнага, а значыць і для мяне, хоць я грашу і адварочваюся ад Яго. Бог працягвае любіць – такая Яго тоеснасць.
Таксама Езус пакінуў выразны прыклад любові да бліжняга, якая павінна быць уласціва Божым дзецям, а значыць і мне: прабачаць, праяўляць дабрыню і міласэрнасць, нават да ворагаў. У Езусе Хрысце такая пазіцыя высакародна ззяе ў канкрэтным дары жыцця.
Каго я лічу ворагам? Якія маю адносіны з гэтым чалавекам? Ці стараюся адказваць дабром на зло? Даруючы таму, хто пакрыўдзіў, я станаўлюся часткай Божай міласэрнасці, замест таго, каб судзіць.
Каго мне цяжэй за ўсё любіць? Ці магу сказаць, чаму? Яшчэ варта падумаць, ці ў жыцці не кіруюся прынцыпам помсты і ці не іду да мэты па галовах іншых людзей?
Досвед безумоўнай і абсалютнай любові Нябеснага Айца адкрывае нам шлях любові да кожнага сустрэтага чалавека. Так, да розных людзей яна праяўляецца па-рознаму, мае свае адценні. Інакш я люблю бацькоў, інакш жонку ці мужа, іначай люблю людзей малазнаёмых, так званых «чужых» альбо тых, хто мяне пакрыўдзіў. Пры гэтым, ёсць універсальны арыенцір ад Бога – быць міласэрным, як і Ён сам.
кс. Алег Шпець SChr