Мудрасць сэрца пачынаецца з унутранай пакоры. Менавіта яна дазвяляе мне правільна – гэта значыць праўдзіва – спачатку ацаніць сябе, а толькі потым ацэньваць учынкі іншых.
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму? Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік. Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, — калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата.
Мне здараецца лёгка ўзяць на сябе ролю настаўніка «добрых паводзін» альбо ролю эксперта ў тым, «як усё павінна быць». Магу і не задумвацца, ці сапраўды маю што прапанаваць другому чалавеку. А я ж разам з іншымі вучуся на працягу ўсяго жыцця. Нашае існаванне з’яўляецца школай любові і Настаўнік любові ў ёй толькі адзін – Хрыстус. Усе астатнія і я – толькі вучні.
Я патрабую асабістых адносінаў з Езусам, каб маё жыццё было свядомым крочаннем у веры. Толькі знешніх практык недастаткова, каб называць сябе веруючым. Вера патрабуе асмыслення і ўсведамлення, асабістага выбару і следавання таму, ува што веру.
У якіх момантах апошнім часам стараюся наследаваць Езуса? Ці маю ў сабе пакору вучня? А можа, найперш думаю пра памылкі іншых, а не свае слабасці?
Паводле евангеліста Лукі, быць сляпым абазначае не бачыць, што я маю патрэбу ў Божай міласэрнасці і лічыць сябе вышэйшым за іншых, магчыма, нават дасканалым. Магу сёння спытаць сябе, як я рэагірую, калі мне справядліва звяртаюць на нешта ўвагу.
Я не без граху і кожны дзень маю патрэбу ў навяртанні. Езус дапамагае зразумець, прыняць і змяніць жыццё там, дзе гэта неабходна. Таксама Ён вучыць дзейнічаць са спакоем, праяўляць яго ў штодзённасці і несці далей у сваё асяроддзе. Важна, каб мае адосіны да бліжняга былі поўныя супакою і далікатнасці. Ён, як і я, мае свае патрэбы і абмежаванні. Божа, дапамажы мне памятаць пра гэта.
кс. Алег Шпець SChr