Сёння Езус паказвае мне падмурак духоўнага жыцця. Гэты шлях складаецца з трох этапаў: прыходзіць да Хрыста, слухаць Яго і ажыццяўляць пачутае Слова.
Езус казаў сваім вучням: Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя. Што вы клічаце Мяне: Пане, Пане, – а не выконваеце таго, што Я кажу? Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны. А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі і без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было зруйнаванне дому гэтага.
Бог запрашае да сябе і сам выходзіць мне насустрач. Езус сказаў: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28-30). Прыйсці да Бога, пачуць Яго можа абазначаць выйсці крыху па-за шум штодзённасці і суцішыць часта мітуслівыя думкі. Магчыма, я даўно не быў на адарацыі ў цішыні альбо не гаварыў з Богам сваімі словамі, можа, даўно не чытаў Евангелля.
Цішыня адкрывае мяне на далікатны голас Бога, які ёсць у маім сэрцы. Ім можа быць сумленне. Яшчэ – прагненне дзякаваць Госпаду і праслаўляць Яго за Провід, за цуд стварэння і дар збаўлення. І таксама – Яго словы любові да мяне. Знаходжанне ў цішыні дапамагае сустрэцца з Богам у сэрцы.
Ці мая вера працягваецца ў дзеяннях? Ажыццяўленне пачутых слоў Езуса ў першую чаргу грунтуецца на ўчынках, а не на словах. Тое, як я павожу сябе на месцы працы ці вучобы, як стаўлюся да іншых людзей, з’яўляецца паказчыкам маёй веры.
Ці я ўмею ад захаплення вучэннем Хрыста перайсці да яго выканання ў канкрэтных сферах майго жыцця? Гэта магчыма, калі я ўсур’ёз адношуся да словаў Езуса, веру ў іх актуальнасць для мяне і для ўсяго Касцёла.
Сёння магу падзякаваць Богу за дар веры і за тое, што магу крочыць за Ім у маёй штодзённасці, слухаць Яго слова і паводле яго жыць. Яшчэ магу папрасіць Усявышняга ўмацаваць мяне на гэтым шляху, ачысціць мае інтэнцыі і быць са мной у моманты гэтага ачышчэння.
Божа, узмацні мае намеры і памкненні, каб дрэва майго жыцця прыносіла добры, годны плод любові і вяло да прыняцця Твайго збаўлення.
кс. Алег Шпець SChr