Сёння Евангелле прапануе мне прыгледзецца да тэмы прабачэння. Яна вельмі важная ў жыцці, бо здольнасць прабачаць і прасіць прабачэння стварае магчымасць будавання сённяшняга моманту і будучыні.
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў. Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу. Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.
Прабачэнне часта даецца з цяжкасцю. Яму неабходна вучыцца, як і многім іншым рэчам. Езус як найлепшы настаўнік дае мне сябе ў прыклад. Ён не патрабуе ад мяне недасягальнага. Хрыстос чакае, што я падзялюся з іншымі тым, што атрымаў сам. Бог даруе мае правіны і працягвае прымаць мае слабасці. Да такой жа пазіцыі хоча рабіць здольным і мяне, каб і я мог дараваць іншым.
Прабачэнне не абазначае маўчання ці бязвольнага прыняцця несправядлівасці. Хрысціянства не змушае да перакрэслівання ўласнай годнасці. Яно вучыць мяне разважліваму следаванню праўдзе і прабачэнню як свабоднаму выбару маёй волі, без прымусу звонку.
Бог прабачае, таму што бясконца верыць у мяне і ў кожнага чалавека. Ён верыць, што калі я, мы грашым, робім зло, то ўсё роўна маем шанс стаць добрымі і рабіць добрыя справы. Бог дае гэтую здольнасць чалавечаму сэрцу, то-бок і майму. Ці ўмею я даваць другому чалавеку другі, трэці, чарговы шанец?
Прабачаць непроста, асабліва там, дзе ёсць паважныя раны. Варта прасіць у Бога дапамогі ў здольнасці прабачаць. Што мне найцяжэй дараваць? Ці складана самому прасіць прабачэння?
Прабачэнню не навучыцца ў тэорыі. Варта мець цярплівасць да сябе і практыкаваць яго штодня, інакш гэты навык губляецца. Езус вучыць мяне прабачаць заўсёды, незалежна ад акалічнасцей, месца ці чалавека. Чаму? Таму што Ён ведае, што толькі так я станаўлюся свабодным унутрана. А свабода – гэта падмурак жыцця, які дае радасць, веру і надзею.
Божа, навучы мяне лагоднасці і прабачэнню іншых і сябе.
кс. Алег Шпець SChr