Сёння Езус паказвае нам, якую вялікую сілу мае супольная малітва. Якая ж тады моц крыецца ў ёй, калі не толькі двое ці трое, але ўся супольнасць Касцёла збіраецца на Эўхарыстыю!
Езус сказаў сваім вучням: Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы касцёлу. А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.
Цяжка ўявіць сабе нешта больш асабістае, чым вера, але ў той жа час яна па сваёй прыродзе мае патрэбу ў супольнасці. Вера – гэта прысвячэнне сябе Богу, Які любіць. Гэта пастаяннае адкрыццё таго, што я – Божае дзіця. Кожны з нас атрымлівае шмат дароў непасрэдна ад Бога, але Ён таксама шмат дае нам праз іншых людзей. Менавіта так Пан звязвае нас повязямі любові.
Вера паасобку, без супольнасці, падобная да іскры, якая вылецела з вогнішча, і мы можам быць амаль упэўнены, што яна згасне. Нам патрэбна супольнасць, каб узаемна дзяліцца святлом веры і падтрымліваць адзін аднаго ў захаванні Божых запаведзяў.
Кожная асабістая малітва вельмі важная і патрэбная, аднак сёння Езус звяртае нашу ўвагу на значэнне малітвы ў супольнасці. Адзінства ў малітве, пра якое кажа Езус, будуе супольнасць, будуе Касцёл, але, перш за ўсё, яно фармуе кожнага з нас. Ці маю я сваю супольнасць, у якой узрастаю ў веры і магу праслаўляць Бога?
Зычлівасць да іншага чалавека – гэта аснова ўсіх стасункаў. Адсутнасць гэтай зычлівасці вельмі часта праяўляецца ў паклёпах, хлусні, маніпуляцыях, «ціхіх днях», крыках, нядобразычлівасці і ўспрыманні ўсяго ў чорных фарбах. Як я будую адносіны з іншым чалавекам? Ці ўмею першым працягваць руку прымірэння ў канфліктах?
Касцёл – гэта месца асаблівай прысутнасці Бога сярод людзей, ён становіцца месцам нашага сведчання як адзін перад адным, так і перад тымі, хто звонку. Падобным чынам мы глядзім на сям'ю як на хатні Касцёл. Словы Езуса Хрыста: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх», – становяцца вельмі блізкімі і могуць напоўніць надзеяй і ўпэўненасцю таксама і нашыя сем'і.
кс. Алег Шпець SChr