Закрываючы сваё сэрца для бліжняга, аўтаматычна мы закрываем сваё сэрца для Бога і Яго ласкі. Адкрываючы сэрца бліжняму, мы адкрываем яго Богу і Яго шчодраму благаслаўленню.
У пэўны шабат давялося Езусу праходзіць праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі. І некаторыя з фарысеяў казалі: Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат? Тады Езус сказаў ім у адказ: Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся разам са сваімі спадарожнікамі? Як увайшоў ён у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якія дазвалялася есці толькі святарам, і даў іх сваім спадарожнікам. І сказаў ім: Сын Чалавечы — гаспадар шабату.
У часы Езуса юдэйскія законы падкрэслівалі менавіта забароны шабату – тое, чаго нельга рабіць у гэты святы дзень. Езус жа паказвае станоўчы сэнс свята. Шабат – гэта час радасці Бога-Творцы за сваё стварэнне. Гэта дзень, у якім дзейнічае Бог. Шабат – гэта час міласэрнасці, якая выяўляецца ў нашай увазе і часе адно для аднаго.
Езус кажа пра сябе: «Сын Чалавечы – гаспадар шабату». Нядзеля – гэта час, калі чалавек адпачывае і выключаецца са штодзённых спраў. Гэта дазваляе ўбачыць праўду: Той, хто сапраўды дзейнічае ў яго жыцці, – гэта Бог.
Давайце падумаем, наколькі старанна мы ставімся да нядзелі. Ці сапраўды гэты дзень для нас асаблівы і непадобны да іншых? Ці з’яўляецца ён часам адпачынку? Ці прысвячаем гэты дзень Богу?
Крытэрыем таго, ці крочым мы шляхам сапраўднай веры, з’яўляецца не наша дасканаласць, але адкрытасць нашага сэрца на іншых людзей. Ці з’яўляецца нядзеля для мяне часам для бліжняга і шчырай братняй любові?
Насамрэч не трэба чакаць нядзелі, каб дазволіць Пану дзейнічаць і быць Богам у жыцці кожнага з нас. Можа, менавіта сёння той дзень, калі варта адступіць на другі план і даць месца Яму? Бо менавіта Хрыстус – сапраўны Гаспадар шабату і Гаспадар таго часу, калі мы самі нічога не робім, але дазваляем Яму зрабіць усё.
кс. Алег Шпець SChr