У хрысціянскім жыцці важна спалучаць радасць сустрэчы з Богам і гатоўнасць да ахвярнасці. Ці здольны я шчыра радавацца Божай прысутнасці і трымаць сапраўдны пост, калі таго патрабуе час?
Фарысеі і кніжнікі казалі Езусу: Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобным чынам робяць і вучні фарысеяў, а Твае — ядуць і п’юць. Езус адказаў ім: Ці можаце прымусіць гасцей вяселля посціць, пакуль жаніх застаецца з імі? Але прыйдуць дні, калі жаніх будзе забраны ад іх, тады і будуць посціць у тыя дні. І расказаў ім прыпавесць: Ніхто не адрывае латкі ад новага адзення, каб прышыць да старога. Інакш і новае парвецца, і да старога не падыдзе латка ад новага. Ніхто таксама не налівае новага віна ў старыя мяхі. Інакш новае віно мяхі парве і само выцячэ, і мяхі прападуць. Новае ж віно трэба наліваць у новыя мяхі. І ніхто, выпіўшы старога, не хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.
Сучасны свет часта запрашае да таго, каб на першае месца ставіць задавальненні, адпачынак, матэрыяльны дабрабыт, а пра пост, адрачэнне, цярпенне і смерць як бы забывае. Безумоўна, радасць для хрысціяніна важная, асабліва ў святле надзеі на Божую міласэрнасць. Аднак я не магу забывацца пра пост, цішыню і прыняцце – з Божай дапамогай – цярпенняў.
Калі мы чуем словы «Але прыйдуць дні...», нашыя думкі скіроўваюцца да мукі і смерці Пана Езуса. Гэты час роздуму, посту і ўдзячнасці патрэбны кожнаму з нас, каб у хвіліны жыццёвых выпрабаванняў мы маглі заставацца моцнымі з Божай дапамогай.
Добрым прыкладам для нас сёння з’яўляюцца благаслаўлёныя сёстры-мучаніцы назарэтанкі з Навагрудка, якія кожны дзень жылі Евангеллем. Калі надышоў час, яны аддалі сваё жыццё за іншых людзей. Хвала Богу за гэты прыклад ахвярнай любові сясцёр!
Ці ўмею я шчыра радавацца прысутнасці Бога ў маім жыцці, успрымаючы веру як сустрэчу з Жаніхом, а не як набор цяжкіх абавязкаў?
Ці гатовы я прыняць заклік да посту і адрачэння не з прымусу, а як магчымасць увайсці ў цішыню і пачуць голас Хрыста?
Вечны Божа, у свеце, які няспынна змяняецца, Ты застаешся нязменным. Навучы нас у кожнай хвіліне нашага жыцця праслаўляць Тваю моц і міласэрнасць. Напоўні нас сваім Духам, каб мы ўмелі шчыра радавацца Тваёй прысутнасці, не забывалі пра ўдзячнасць і з надзеяй уваходзілі ў час посту.
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR