Ці чую я сёння ў глыбіні сэрца гэты суцяшальны заклік Пана Езуса: «Не бойся!»? Ці ўсведамляю, што Ягоны голас кліча менавіта мяне ісці за Ім?
Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна. Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
У сённяшнім Евангеллі найперш мы бачым прагу людзей слухаць Божае слова. Простыя словы Езуса і Ягоныя цуды прамаўлялі да сэрцаў, адкрываючы, што Ён паходзіць ад Бога. Гэты жывы інтарэс да Хрыстовага вучэння праходзіць праз усю гісторыю Касцёла. Але ці актуальна гэта сёння, калі сучасны свет часта падаецца абыякавым да Езуса?
Пётр з адвагай кажа: «На Тваё слова закіну сеткі». Плён гэтага даверу – цудоўны ўлоў. Пётр бачыць у гэтым ласку Пана і, нягледзячы на сваю грэшнасць, ідзе за Ім. Прыклад Пятра дае нам надзею. Варта даверыцца – і Езус учыніць праз мяне вялікія рэчы.
Ідучы за Богам, хрысціянін пакліканы таксама даваць сведчанне любові да Бога і Яго слова. Пра гэта нагадвае святы Грыгорый Вялікі, якога сёння ўспамінаем у Літургіі: «Ніхто на свеце не жыве толькі для сябе. Мы тут таксама і для іншых».
Пасля няўдалага ўлову ноччу Пётр мог падумаць, што Бог забыўся пра яго, аднак ён даверыўся слову Пана. Ці здольны я верыць Богу, калі ўсё ідзе насуперак маім планам? Ці не пачынаю я думаць у хвіліны няўдач, што Богу не да мяне?
Што я магу зрабіць, каб абудзіць у сабе і ў іншых прагу пазнаваць Божае слова і жыць ім? Ці дзялюся я з бліжнімі суцяшэннем Езуса: «Не бойся, Пан з табою»?
Усемагутны Божа, Ты стварыў сусвет моцай свайго Слова. Прашу Цябе, адкрый усім людзям шлях да пазнання Тваёй велічы і любові. Дапамажы і мне нястомна давяраць Добрай Навіне, якую прынёс Езус!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR