Ці ёсць у мяне сапраўдная вера? Ці веру я ў моц Пана Езуса, здольную чыніць цуды ў маім жыцці?
Езус пакінуў сінагогу і прыйшоў у дом Сымона. Між тым моцная гарачка ахапіла Сымонаву цешчу. І прасілі Яго за яе. Стаўшы над ёю, Езус забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Жанчына адразу ж паднялася і прыслугоўвала ім. На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя немачы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх. І шмат з каго выходзілі злыя духі, якія крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы! Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія. Калі настаў дзень, Езус выйшаў і скіраваўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі Яго, каб не сыходзіў ад іх. Але Ён сказаў ім: Таксама іншым гарадам Мне трэба абяшчаць Добрую Навіну аб Валадарстве Божым, бо для гэтага Я пасланы. І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.
Цуд аздараўлення цешчы Пятра адкрывае мне дзве праўды. Па-першае, Божае слова валодае абсалютнай моцай: яно не проста спыняе маю духоўную гарачку, а імгненна і цалкам адраджае сілы. Па-другое, плёнам ласкі заўсёды з’яўляецца чыннасць: аздароўленая жанчына адразу пачала прыслугоўваць. Гэта прыклад і для мяне, бо дотык Езуса вызваляе ад эгаізму дзеля служэння бліжнім.
Сённяшняе Евангелле нагадвае пра моц асабістай сустрэчы з Богам. Калі Езус дакранаецца да душы чалавека, яна атрымлівае аздараўленне. А хто звяртаецца да Бога з глыбокай верай, атрымае ад Яго патрэбныя ласкі.
Ці ёсць у маім сэрцы жывая вера ў тое, што Пан Езус прагне аздаравіць і мяне? Ці клічу я Яго кожны дзень, просячы: «Прыйдзі, Пане, і вылечы маю душу»?
Ці прашу ў Бога моцнай веры ў цуды, якія Ён робіць і сёння? А ці даю сведчанне пра цуды ў маім жыцці?
Добры Божа, праслаўляю Цябе і дзякую, што ў сваёй шчодрасці Ты чыніш цуды і сёння ў жыцці чалавека. Дзякую за Твой міласэрны дотык да нашых душаў, які прыносіць палёгку і здароўе. Узмацняй нас у веры і дай нам сілы дапамагаць другому чалавеку ісці за Табою!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR