Бог ёсць любоў і заклікае нас любіць. Ён кліча нас разам ісці шляхам любові, каб Яго жыццё стала нашым жыццём. Любоў робіць нас падобнымі да Бога. Гэтая запаведзь патрабуе ад нас свабоды і даверу.
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе? Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
Імкненне быць падобнымі да Бога здзяйсняецца не тады, калі мы бяром усё ў свае рукі, але калі з любові аддаём сябе ў рукі Бога і бліжніх. Бога немагчыма спазнаць розумам і змясціць у тэорыі – Яго можна сустрэць толькі ў сэрцы. Любіць – значыць мець іншага ў сваім сэрцы. Бог стварыў нас для любові. А пазнанне дапамагае гэтаму, бо нельга любіць таго, каго не ведаем.
Любоў ахоплівае не толькі розум і сэрца, але найперш – усё наша жыццё. Яна нараджае ў сэрцы радасць ад дабра для таго, каго ты любіш. Любоў выказваецца вуснамі праз праслаўленне, а здзяйсняецца рукамі, гатовымі служыць іншаму, як самому сабе. Яна вядзе да аддавання ўсяго, што я маю і кім я ёсць.
Як часта я малюся і разважаю над запаведдзю любові? Ці сапраўды яна з’яўляецца маім штодзённым правілам жыцця?
Па чым можна пазнаць маю любоў да Бога? Ці сапраўдная яна, жывая і практычная? Да каго з бліжніх я апошні раз праявіў сваю любоў?
Любоў адна – так, як і Бог адзін. Я пакліканы любіць Бога і брата той самай любоўю, якой Айцец любіць мяне як сваё дзіця. Менавіта гэтая любоў з’яўляецца пачаткам і завяршэннем усяго. Толькі той, хто любіць, пачынае разумець свайго Пана і ўсё, што Ён для нас учыніў. Праз учынкі любові чалавек пачынае разумець і самога сябе, і тады яго жыццё напаўняецца Божым сэнсам.
кс. Андрэй Лысы