Ці жыву я праўдай у сваім штодзённым жыцці? Ці мае словы шчырыя і праўдзівыя, або, можа, гавару адно, а жыву зусім іншым?
Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў: «Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “pаббі”. Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе для вас слугою. Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
У сённяшнім Евангеллі чуем вострыя словы Пана Езуса пра кніжнікаў і фарысеяў: «Усё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць». У тыя часы было мноства правілаў, якія не набліжалі чалавека да Бога, а ўскладнялі жыццё. А навука Езуса зусім іншая: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28).
Фарысеі і кніжнікі шукаюць першыя месцы, чакаюць слоў пахвалы, узводзяць на п’едэстал саміх сябе. У іх прамаўляе пыха і эгаізм, якія аддаляюць і ад Бога, і ад другога чалавека. Праз гэта ўзнікаюць зайздрасць, нагаворванні і іншыя грахі.
Святыя добра зразумелі сённяшнюю навуку Езуса наконт таго, як мае выглядаць супольнасць Пана: служыць, знайсці час для бліжняга, а праз гэта ўваходзіць у пакору і свабоду сэрца.
Нездарма Хрыстос кажа: «Большы з вас няхай будзе для вас слугою!»
Кім я сябе адчуваю сёння: сапраўдным хрысціянінам, які жыве праўдай і служыць іншым, ці ўсё ж такі фарысеем, які толькі павучае, як трэба, а ўласных слоў не трымаецца?
Ці аддаю я ў Божыя рукі штодзённую спакусу ставіць сябе вышэй за кагосьці іншага?
Маці Божая, Каралева, асаблівым чынам узгадваю Цябе ў гэты дзень і прашу: дапамажы мне быць слугою, чуйным да голасу Пана, і жыць пачутым Евангеллем у супольнасці вучняў Хрыста.
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR