Што з’яўляецца фундаментам майго жыцця? Гэтае пытанне актуальнае і тады, калі, здаецца, зямля знікае пад нагамі, калі стаю быццам на балоце і яно зацягвае мяне.
Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў. Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.
Вакол нас столькі няпэўнасці. Многія шукаюць апірышча ў зямным поспеху, але калі ён знікае, чалавек часта губляе і сэнс жыцця. Хрыстус жа прапануе нам тое, што не разбурыцца: свой Касцёл, заснаваны на скале веры апостала Пятра. Ужо дзве тысячы гадоў прайшло, Касцёлам кіруюць розныя наступнікі святога Пятра, якія прымаюць розныя імёны. Аднак Хрыстовая місія застаецца нязменнай.
Касцёл святы, але і грэшны, як і мы, людзі, – святыя і грэшныя. Сёння Евангелле запрашае нас прыняць праўду: Касцёл святы, бо ёсць у ім Хрыстус, бо ёсць сакрамэнты, ёсць Пётр-скала.
У адной з энцыклік святы Ян Павел ІІ піша: «Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі». Гэта праўда заключае ў сабе сутнасць таямніцы Касцёла і напаўняе радасцю, бо, як кажа Езус: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).
Ці разумею я, што належу да Касцёла, што Езус і Касцёл – гэта фундамент майго жыцця?
Ці ўсведамляю, што маю абавязак маліцца за Касцёл, за Святога Айца і за сваю парафію? Ці раблю я гэта? Калі не, то варта пачаць ужо сёння.
Добры Божа, напаўняй мяне моцнай верай і дапамажы любіць мой Касцёл! Дзякуй Табе за Тваю бясконцую любоў да мяне!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR