Як гэта цудоўна, калі чалавек заўважае іншага, яго прысутнасць і патрэбы. «Я бачыў цябе», – кажа Езус. Ці адчуваю, што гэтыя словы скіраваны таксама і да мяне?
Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і Прарокі, – Езуса з Назарэта, сына Юзафа». Але Натанаэль сказаў яму:
«Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі». Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось
сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману». Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе,
Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю». Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!» Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я
сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта». І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых,
якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».
Сапраўдную сустрэчу з Богам немагчыма перажыць у адзіночку і схаваць ад іншых. Філіп – бо менавіта пра яго гаворка – ідзе да Натанаэля і кажа: «Мы знайшлі! Ідзі і паглядзі». Далей, пасля сустрэчы з Езусам, гучаць ужо словы Натанаэля: «Раббі, Ты Сын Божы!» Якія ж радасныя гэтыя словы Евангелля! Колькі ў іх надзеі! Чалавек, які сустрэў і шчыра прыняў Езуса, нясе Яго далей, іншым людзям.
Сённяшняе Слова – гэта адно з нешматлікіх месцаў у Евангеллі, дзе так ярка паказана глыбокая вера і чысціня чалавечага сэрца. Езус кажа пра Натанаэля, што гэта сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману. Гэты фрагмент дапамагае мне зразумець, што Бог мяне ведае, Бог мяне бачыць, я важны для Яго!
Св. Барталамей, вядомы таксама як Натанаэль, адзін з дванаццаці Апосталаў, – гэта прыклад бязмежнай веры і адданасці. Ён абвяшчаў Евангелле аж да мучаніцкай смерці ў Арменіі. Яго жыццё заахвочвае мяне да трываласці ў веры, адвагі ў яе публічным вызнаванні, а таксама да шчырасці і ўнутранай чысціні.
Ці ўсведамляю я, што важны для Бога, што Езус ведае ўсе мае радасці і праблемы і Ён заўсёды побач, каб даць сілы і мудрасць на кожны дзень?
Ці знаходжу я ў сабе сілы быць як Філіп, які прыводзіць Натанаэля да Настаўніка? Ці прыводжу я іншых да Бога праз ціхае сведчанне свайго хрысціянскага жыцця?
Праслаўляем Цябе, Пане, за тое, што выбраў нас, ведаеш нас і вядзеш да вечнага шчасця! Божа, Ты – поўня Любові, дай нам веру, сілу і мудрасць прыводзіць Цябе нашых бліжніх.
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR