Ці дапамагаю я іншаму чалавеку дайсці да неба? А можа, сваімі ўчынкамі закрываю дарогу туды і сам станаўлюся для іншых сляпым павадыром?
Езус прамовіў, кажучы: Гора, вам кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру. Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць. Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда. Гора, вам кніжнікі і фарысеі крывадушныя, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці. Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.
У цэнтры ўвагі сённяшняга Евангелля зноў стаяць кніжнікі і фарысеі, якія сярод людзей лічацца духоўнымі аўтарытэтамі. Пан Езус называе іх крывадушнікамі, бо сваімі паводзінамі і словамі яны закрываюць іншым дарогу да неба. Яны абмінаюць тое, што самае важнае, і глядзяць толькі на знешняе, тады як унутры іх – драпежнасць і нястрыманасць. Праз гэта яны не выконваюць ускладзенае на іх заданне.
Хрыстус адкрыў для нас браму Валадарства Нябеснага. Нягледзячы на пераследы і непрыняцце, Езус нікога не адкідвае. Ён запрашае кніжнікаў, фарысеяў і кожнага з нас з Божай дапамогай аднавіць свае сэрцы, думкі і ўчынкі. Быць шчырымі і праўдзівымі – гэта і ёсць наша дарога да святасці.
Узорам такой шчырай перамены сэрца для нас з'яўляецца святы Юзаф Каласанс. Ён бачыў у пабожнасці і навуцы жывую дарогу да святасці і паказаў яе іншым. Няхай жа ён дапаможа і нам быць святымі не напаказ, а ў праўдзе.
Які прыклад я даю іншаму чалавеку? Ці натхняюць мае словы і паводзіны ісці за Хрыстом, ці, наадварот, адштурхоўваюць іншых ад Бога?
Кім я з’яўляюся на самой справе, калі мяне ніхто не бачыць, акрамя Бога? Ці мая асабістая вера супадае з тым, што я паказваю людзям навокал?
Верны Божа, у Табе няма падману. Хачу цалкам даверыцца Табе і з Тваёй дапамогай быць чыстым унутры і звонку!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR