Калі чую словы «Гора табе!», што тады я адчуваю? Ці дапамагаюць яны мне задумацца над сваім жыццём і старацца штосьці ў ім змяніць?
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі! Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: «Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны». Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата, ці святыня, якая асвячае золата? І зноў: «Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны». Сляпыя! Што большае? Дар ці ахвярнік, які асвячае дар? Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім. І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй. А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.
Так, як і ўчора, сёння ў Евангеллі мы чуем: «Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі». Наколькі гэтыя словы я прымаю і да сябе? Бо трэба прызнацца сабе перад Богам: і я, можа, часам паводжу сябе як той фарысей ці кніжнік. Кожнаму з нас варта рабіць рахунак сумлення, каб нястомна стаяць у праўдзе. Бо вельмі балюча, калі хрысціянін крывадушнічае, а праз гэта дае негатыўнае сведчанне.
Сёння, калі Касцёл узгадвае Маці Божую Чэнстахоўскую, мы просім Яе заступніцтва, каб пачутае Евангелле не засталося проста тэкстам, а стала нашым ладам жыцця. Няхай Чорная Мадонна, якая стагоддзямі ахоўвае вернікаў, навучыць і нас штодзённа выбіраць праўду, радыкальны давер і адважную любоў.
Калі апошні раз я рабіў сапраўдны і добры рахунак сумлення?
Ці заўважаю ў сваёй штодзённасці крывадушнасць свайго сэрца? Ці аддаю яе Пану Богу ў пакаянні?
Добры Божа, Тваё Слова – гэта заўсёды Слова Жыцця, нават калі яно выкрывае нашую слабасць. Просім Цябе, забяры ўсё, што замінае нам ісці праўдзівым шляхам у Тваё Валадарства. І ты, Чэнстахоўская Маці, навучы нас бескампраміснаму даверу Богу і дапамажы нам быць чыстымі сэрцам!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR