Сярод штодзённых клопатаў лёгка забыцца, што наша зямное жыццё можа скончыцца ў любое імгненне. Калі сёння ноччу я памру, ці буду гатовы да сустрэчы з Богам на Апошнім Судзе?
Езус сказаў сваім вучням: Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо разумееце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце. Хто ж верны і разумны слуга, якога Пан паставіў над хатнімі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час? Шчаслівы той слуга, якога, прыйшоўшы, гаспадар застане за гэтай справай. Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго. Калі ж гэта благі слуга і ён скажа ў сэрцы сваім: Не спяшаецца гаспадар мой, — і пачне біць сваіх супрацоўнікаў, есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар гэтага слугі прыйдзе ў дзень, калі той не спадзяецца, і ў гадзіну, якой не ведае. І сурова пакарае яго, і прызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Сённяшняе Евангелле скіравана да ўсёй супольнасці вучняў Пана – як тады, так і цяпер. Пан Езус рыхтуе нас да таго, што час зямнога жыцця прынясе нямала цярпенняў і клопатаў. Але мы не павінны падаць духам, бо Езус заўсёды прысутны сярод нас! Мы не ведаем, калі настане канец свету, але Пан запэўнівае нас: чувайце і будзьце нястомна гатовыя; хто вытрывае, той будзе збаўлены!
Сын Чалавечы прыйдзе нечакана, як кажа Пісанне: «У тую гадзіну, калі вы не думаеце». Шчаслівы чалавек, які будзе чакаць. Няхай абяцанне вечнага жыцця стане для нас вырашальным указальнікам, які задасць кірунак усяму нашаму жыццю!
Святая Моніка, якую сёння ўспамінаем, нястомна трывала ў чаканні, молячыся за свайго мужа і сына Аўгустына, і вымаліла для іх навяртанне. Няхай гэтая святая дапаможа і нам верна маліцца за сябе і за іншых, каб быць гатовымі да радасці вечнага жыцця.
Ці разумею я ўсю сур’ёзнасць чакання прыйсця Пана, каб быць шчаслівым у вечнасці?
Як я, абуджаны верай, ужо цяпер магу праяўляць адказнасць і за гэты свет у падрыхтоўцы да прыйсця Пана ў хвале?
Усемагутны Божа, Ты вядзеш усё стварэнне да вечнасці. Дапамажы нам даверыцца Тваёй любові і моцы! Дай нам сілу верна выконваць даручаныя нам заданні, каб мы былі гатовыя да сустрэчы з Табою ў вечнасці.
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR