Якім чалавекам я сябе бачу: мудрым ці неразумным? Няхай Божае слова дапаможа мне пазнаць праўду пра самога сябе.
Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх было неразумных, а пяць — мудрых. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны свае. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. Але сярод ночы ўзняўся крык: Вось жаніх, выходзьце яму насустрач. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць. А мудрыя адказалі: Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: Пане, пане, адчыні нам. Ён жа сказаў ім у адказ: Сапраўды кажу вам: не ведаю вас. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Сённяшняе Слова – як заўсёды жывое – пераносіць мяне да моманту канца свету. Ад Апошняга Суда ніхто не ўхіліцца, кожны паўстане ў праўдзе перад Божай любоўю. Аднак сярод штодзённых клопатаў я часта дапускаю духоўную ляноту і забываюся на тое, што самае важнае. Таму Божае слова зноў запрашае мяне да бадзёрасці духа: «Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны».
Святы Аўгустын, якога мы сёння ўшаноўваем, нагадвае нам пра важнасць парадку любові: калі Бог будзе на першым месцы, то і ўсё астатняе знойдзе сваё належнае месца. І сапраўды, калі ў маім жыцці будзе так, то і мой светач напоўніцца алеем, а я сам буду гатовы да сустрэчы з Панам.
Ці памятаю я пра Апошні Суд сярод віру штодзённых спраў? Ці гатова мая душа да гэтай вырашальнай хвіліны?
Ці ўсведамляю я да канца, наколькі страшна страціць вечную радасць і застацца за зачыненымі дзвярыма?
Міласэрны Божа, адары мяне мудрасцю сэрца. Дапамажы нястомна трываць у чуванні, каб агонь маёй веры ніколі не згас!
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR