Ці варта было Яну Хрысціцелю аддаваць сваё жыццё за праўду і справядлівасць? Можа, лепей было б ціха пераседзець у куточку, абы не чапалі, каб толькі жыццё было спакойным?..
Ірад паслаў схапіць Яна і зняволіў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ажаніўся з ёй. Бо Ян казаў Іраду: Не дазволена табе мець жонку брата твайго. А Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай. І настаў зручны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім. І ўвайшла дачка гэтай Ірадыяды, і танцавала. І спадабалася яна Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе. І шмат у чым пакляўся ёй: Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства. Яна выйшла і сказала маці сваёй: Чаго мне папрасіць? Тая адказала: Галаву Яна Хрысціцеля. І яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна Хрысціцеля. Кароль вельмі засмуціўся, але з-за клятвы і тых, хто быў пры стале, не захацеў ёй адмовіць. Кароль адразу паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву, і прынёс на місе ягоную галаву, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці. Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі і забралі ягонае цела, і паклалі яго ў магілу.
Сёння ўзгадваем мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля. Яго місія папярэднічала дзейнасці Хрыста і рыхтавала глебу для яе. Ян прапаведаваў і ўдзяляў хрост, а таксама заклікаў народ да навяртання. У яго былі высокія патрабаванні як да сябе, так і да іншых. Ён смела паказаў на грэх самому Іраду, за што і трапіў у вязніцу. Святы не адмовіўся ад сваіх слоў, бо разумеў, што самае важнае – гэта быць з Богам.
Бог кліча кожнага і вядзе сваёй дарогай. Ян Хрысціцель пачуў Божы заклік і да канца ішоў шляхам свайго паклікання. І калі па-чалавечы страціў сваё жыццё, у Божых вачах застаўся верным да самага скону. Да такой моцы духу варта імкнуцца.
Папа Францішак казаў, што і Ян Хрысціцель, і сам Езус выбралі дарогу прыніжэнняў. Таму не варта баяцца прыніжэнняў, але прасіць Пана Бога аб гэтым, каб праз іх і мы сталі пакорнымі і лепш наследавалі Пана Езуса.
Ці маю я такую моцную веру, каб пры патрэбе аддаць сваё жыццё за Хрыста?
Ці дапамагае мне сведчанне святога Яна Хрысціцеля жыць праўдай у штодзённасці? А можа, хачу пражываць жыццё па-свойму, рабіць у хрысціянстве кар'еру, каб быць на п'едэстале і збіраць воплескі і пахвалу?
Добры Божа, дзякую Табе сёння за прыклад жыцця і веры ад святога Яна. Прашу, дай і мне сілы быць дарэшты верным у сваім пакліканні. Дапамажы ўзрастаць у пакоры і паслухмянасці Тваёй волі.
А. Анджэй Іадкоўскі CSsR